АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
каме́дыя, -і, мн. -і, -дый, ж.
1. Драматычны твор з вясёлым, забаўным або сатырычным сюжэтам, а таксама спектакль або фільм па сцэнарыі такога твора.
Музычная к.
2. перан. Крывадушныя паводзіны, разыгрыванне якой-н. ролі, сцэны з пэўнай мэтай.
Што за к.!
Гавары як ёсць!
◊
Ламаць (разыгрываць, строіць) камедыю (разм., неадабр.) — крывадушнічаць, прытварацца.
|| прым. камеды́йны, -ая, -ае (да 1 знач.) і камі́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).
Камедыйны акцёр.
Камічная опера.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ЖАРТ,
1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.
Часта мае форму дыялогу.
2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча і інш.).
Публ.:
Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;
Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;
Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.
А.С.Фядосік.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зінгшпі́ль
(ням. Singspiel, ад singen = спяваць + Spiel = гульня)
нямецкая камічная опера, у якой спевы і танцы чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
«КО́МІШЭ О́ПЕР»
(ням. Komische Oper камічная опера),
нямецкі оперны тэатр у Берліне. Засн. ў 1947 рэж. В.Фельзенштайнам як альтэрнатыўны традыц. опернаму т-ру. Адкрыўся спектаклем «Лятучая мыш» І.Штрауса. Першы значны спектакль т-ра — опера «Кармэн» Ж.Бізэ (1949). У 1965 створана балетная трупа (арганізатар і маст. кіраўнік балетмайстар Т.Шылінг). У рэпертуары пераважаюць найлепшыя творы сусв. опернай і балетнай музыкі. У розны час у т-ры працавалі дырыжоры О.Клемперэр, К.Мазур, Р.Ройтэр, рэжысёры Х.Рукерт, Х.Бонет, І.Герц, В.Керстэн і інш.
т. 8, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жарт
(польск. żart, ад с.-в.-ням. schërz)
1) востры дасціпны выраз;
не на жарт — вельмі сур’ёзна;
2) невялікая камічная п’еса, звычайна бытавога характару.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
жарт, -у, М -рце, мн. -ы, -аў, м.
1. Забаўная выхадка, востры дасціпны выраз.
На вяселлі гучаў смех і сыпаліся жарты за жартамі.
2. Кароткае апавяданне са смешным, забаўным зместам.
3. Невялікая камічная п’еса.
П’еса-ж. у адной дзеі.
4. у знач. прысл. жа́ртам. Не сур’ёзна, для забавы.
Сказаць жартам.
◊
Без жартаў — усур’ёз.
Жарты на (у) бок — ужыв. як папярэджанне аб пераходзе да сур’ёзнай справы.
Не жарты — пра што-н. важнае.
Не на жарт — вельмі сур’ёзна.
|| памянш. жа́рцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ПА́ЎМГАРТНЕР ((Paumgartner) Бернхард) (14.11.1887, Вена — 27.7.1971),
аўстрыйскі дырыжор, музыказнавец, кампазітар, педагог. Праф. (1925). Вучань Б.Вальтэра, Г.Адлера і інш. З 1911 каррэпетытар Венскай оперы, дырыжор аркестра Венскага т-ва музыкантаў. У 1917—59(з перапынкам) дырэктар і прэзідэнт (з 1953) Моцартэума. Заснавальнік (1929) і кіраўнік «Моцарт-аркестра» ў Зальцбургу. У 1952—69 кіраваў аркестрам Моцартэума «Camerata academica». З 1960 прэзідэнт Зальцбургскіх фестываляў. Даследаваў творчасць В.А.Моцарта, Р.Шумана, кампазітараў эпохі барока. Аўтар манаграфіі пра Ф.Шуберта (1943, 4-е Выд. 1974), успамінаў (1969) і інш. Сярод муз. твораў: оперы, у т. л. камічная «Расіні ў Неапалі» (паст. 1936), балетаў, у т. л. «Зальцбургскі дывертысмент» (паст. 1955), твораў для аркестра.
т. 12, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Тв.:
Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;
Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 9, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)