НЕЙТРО́ННАЯ ЗО́РКА,

надзвычай шчыльная, кампактная зорка, якая складаецца пераважна з нейтронаў. Утвараецца ў выніку выбухаў звышновых зорак, у якіх гравітацыйны калапс спыняецца ўзаемадзеяннем нейтронаў. Дыяметр 10—12 км, маса 1—2 сонечныя масы, шчыльн. рэчыва 10​17 кг/м³. У цэнтры Н.з. знаходзяцца гіпероны і мезоны, далей — нейтроны ў звышцякучым стане; вонкавы слой складаецца з надзвычай шчыльнай формы жалеза (цвёрды, таўшчыня каля 1 км, т-ра — да 1 млн. K). Мае вельмі магутнае магн. поле — больш за 1 мТл. Гіпотэза пра існаванне Н.з., выказаная ў 1930-я г., пацверджана ў 1967 адкрыццём пульсараў.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

А.А.Шымбалёў.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.

Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.

Літ.:

Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;

Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.

М.М.Касцюковіч.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.А.Шымбалёў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

zapaść

I zapa|ść

зак.

1. запасці; заваліцца; пагрузіцца; паглыбіцца; спусціцца;

książka ~dła za szafę — кніга завалілася за шафу;

noc ~ła — надышла (спусцілася) ноч;

2. захварэць на што; занемагчы;

~ść na dur — захварэць на тыфус;

~ść na zdrowiu — падупасці здароўем;

~ść w sen (drzemkę) — заснуць (задрамаць);

~dła decyzja (uchwała) — было вырашана; было прынята рашэнне (пастанова);

~dł wyrok — прысуд вынесены;

klamka ~dła! — выбар зроблены!; лёсы выцягнутыя!

II зак.

закарміць, перакарміць

III ж. мед.

калапс

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)