ЧАНДРАСЕКА́Р (Chandrasekhar) Субрахманьян (19.10.1910, г. Лахор, Індыя, цяпер у Пакістане — 21.8.1995),

амерыканскі астрафізік-тэарэтык. Чл. Каралеўскага астр. т-ва (1933), Лонданскага Каралеўскага т-ва (1944), Нац. АН ЗША (1955). Скончыў Мадраскі (1930) і Кембрыджскі (1933) ун-ты. З 1936 у ЗША. З 1937 у Чыкагскім ун-це (у 1937—64 у Йеркскай абсерваторыі). Навук. працы па ўнутр. будове і дынаміцы зорак, радыяцыйным пераносе, гідрадынамічнай і гідрамагнітнай устойлівасці, агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў існаванне гранічнай масы для белых карлікаў (1931), пасля перавышэння якой пачынаецца гравітацыйны калапс. Распрацаваў тэорыю зорак з ізатэрмічным ядром (тэорыя Ч. — Шонберга, 1942). Даследаваў механізмы пераносу і рассеяння выпрамянення ў планетных атмасферах (тэорыя Козырава — Ч., 1934; эфект Собалева — Ч., 1946). Нобелеўская прэмія 1983 (з У.А.Фаўлерам). Нац. навук. медаль ЗША (1966). Яго імем названы малая планета і касм. рэнтгенаўская абсерваторыя «Чандра», запушчаная НАСА у 1999.

Тв.:

Рус. пер. — Принципы звездной динамики. М., 1948;

Введение в учение о строении звезд. М., 1950;

Перенос лучистой энергии. М., 1953;

Эллипсоидальные фигуры равновесия. М., 1973;

Жидкие кристаллы. М., 1980;

Математическая теория черных дыр. Ч. 1—2. М., 1998.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Чандрасекар.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)