МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в. Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс. чал., у палон трапіла 1 тыс. чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,

захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА, Менскае княства,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў бас. р. Свіслач, Друць, Бярэзіна. Цэнтр — г. Мінск (Менск). Узнікла ў канцы 11 — пач. 12 ст., вядома з 1104. Першы князь Глеб Усяславіч імкнуўся расшырыць княства за кошт суседніх зямель. У 1104 ён адбіў напад кааліцыі паўд.-рус. князёў, сярод якіх быў і яго брат Давыд Усяславіч. Пазней аб’яднаў вакол Мінска Оршу, Друцк, Копысь. Пасля нападу Глеба Усяславіча на Слуцк у 1116 супраць яго выступіла новая кааліцыя князёў на чале з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам, якія адабралі частку заваяваных гарадоў, у 1119 далучылі Мінск да кіеўскіх уладанняў. У 1140-я г. княжанне ў Мінску адноўлена. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. У 1151 на полацкае княжанне запрошаны мінскі кн. Расціслаў Глебавіч (княжыў 7 гадоў). З 1158 Расціслаў, пазней яго брат Валадар Глебавіч ваявалі з полацкім кн. Рагвалодам. У 1161 Валадар разграміў Рагвалода і яшчэ больш умацаваў незалежнасць М.к. У канцы 13 ст. М.к. трапіла пад уплыў літ. князёў. У складзе пасольства вял. князя ВКЛ Гедзіміна ў Ноўгарад у 1326 упамінаецца мінскі кн. Васіль. У далейшым у Мінску правілі велікакняжацкія намеснікі.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982.

Э.​М.​Загарульскі.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,

зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,

войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.​К.​Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.​Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл. Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813 франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл. «Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.

Літ.:

Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;

Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;

Исдейл Ч.​Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-МАРЫ́НА (San Marino),

Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino), дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г. Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).

Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял. ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.

Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаў выш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.

Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс. ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).

Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст. тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.​Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-й сусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.

У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн. паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.

Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс. дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн. чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян. маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сць буд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс. га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Марына.
Да арт. Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.

т. 14, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),

Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс. км². Нас. 10,7 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.

Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн. га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.

Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс. ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд. ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах. ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.​Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт. паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд. ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр. паліт. арг-цыя — Афр. нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.

У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр. гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр. вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр. нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.​Д.​Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыя афр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар. паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр. нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.​Т.​Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.​Сітоле, Дж.​Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.​Г.​Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.​Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.

Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст. буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.​На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс. т), графіт (каля 20 тыс. т), руды нікелю (12—15 тыс. т металу), хрому (каля 0,5 млн. т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс. т), літыю (каля 20 тыс. т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст. прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш. буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр. з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн. прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс. га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс. т штогод), бавоўну (каля 250 тыс. т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн. т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн. м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс. км, аўтадарог 85 тыс. км, у т. л. каля 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс. чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.

Літ.:

Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;

Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Зімбабве.
Да арт. Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.
Да арт. Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.
Да арт. Зімбабве. Сучасная разьба па косці.
Да арт. Зімбабве. Сучасная вёска.

т. 7, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),

дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае паўд.-ўсх. ч. Саламонавых астравоў, а-вы Санта-Крус і інш. Пл. 28,4 тыс. км². Нас. 466,2 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца англа-меланезійскі піджын (спрошчаная мова). Сталіца — г. Ханіяра на в-ве Гуадалканал. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 чэрв.).

Дзяржаўны лад. С.А. — канстытуцыйная манархія, чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978, паводле якой кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. парламент (з 50 чл., якіх насельніцтва выбірае на 4 гады). Урад краіны (Нац. кабінет) складаецца з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На астравах (Гуадалканал, пл. 5,3 тыс. км², Малаіта, пл. 4,1 тыс. км²; Санта-Ісабель, пл. 3,7 тыс. км², Сан-Крыстобаль, пл. 3 тыс. км²; Шуазёль, пл. 2,6 тыс. км²; Нью-Джорджыя, пл. 1,8 тыс. км²) горы вышэй за 1000 м, на ўзбярэжжах — вузкія нізіны. Ёсць дзеючыя вулканы, участкі вапняковых плато і раўнін. Радовішчы баксітаў, золата, фасфарытаў, руд медзі, цынку, свінцу, нікелю. Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра 26—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2000—4300 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Зімой бываюць моцныя ўраганы. Пад лесам (сандалавае дрэва, пальмы, фікусы і інш.) 88% тэр., на в-ве Гуадалканал участкі саваннаў, па берагах астравоў мангры. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай і малюскамі. Нац. парк Куін-Элізабет на в-ве Гуадалканал, некалькі рэзерватаў Астравы Нью-Джорджыя і Рэнел уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва (93%) — меланезійцы Саламонавых а-воў, падзяляюцца на дробныя народы і плямёны. Жывуць таксама папуасы, палінезійцы, мікранезійцы, невял. групы еўрапейцаў і кітайцаў. Мясц. насельніцтва размаўляе на 120 мовах і дыялектах. Вернікі пераважна англікане (34%), католікі (19%), баптысты (17%), прэсвітэрыяне (11%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены прыбярэжныя раёны (50—100 чал. на 1 км²). У гарадах 19% насельніцтва. У г. Ханіяра каля 45 тыс. ж. (2000). У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 24% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і будаўніцтве — 13%, у камерцыі, на транспарце і ў фінансах — 22%, у інш. абслуговых галінах —41%.

Гісторыя. С.А. заселены ў 2-м тыс. да н.э. продкамі меланезійцаў. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А.​Менданьям дэ Нейра, зноў у 1767 англ. капітанам Ф.​Картэрэтам. У 19 ст. насельніцтва С.А. моцна пацярпела ад еўрап. гандляроў рабамі, якія вывезлі многіх іх жыхароў для працы на плантацыях Аўстраліі і астравах Ціхага акіяна. З 1893—1900 б. частка С.А. — пратэктарат Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны Японіяй, у 1942—43 на в-ве Гуадалканал і на моры вакол яго адбылася адна з найб. бітваў паміж яп. і амер. войскамі і флатамі. У 1960 прынята канстытуцыя, паводле якой створаны заканад. і выканаўчы саветы. Новая канстытуцыя 1976 дала астравам унутр. самакіраванне. 7.7.1978 абвешчана незалежнасць С.А. Вострай праблемай краіны застаюцца этнічныя супярэчнасці. У маі 2000 у сталіцы С.А. адбыліся буйныя сутыкненні на этнічнай глебе. У краіне дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Кааліцыя сіл за нац. прымірэнне, Нар. саюзная партыя, Партыя нац. дзеяння С.А.

Гаспадарка. С.А. — слабаразвітая с.-г. краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 1,15 млрд. дол. (1998), каля 2600 дол. на чалавека. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 90 тыс. га зямлі, у т. л. 60 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі культурамі, 30 тыс. га пад пашай і лугамі. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур, якія належаць замежным кампаніям. Экспартныя культуры: какосавая і алейная пальмы, какава, імбір, карычнае і гваздзіковае дрэвы. Штогадовая вытв-сць копры каля 50 тыс. т, пальмавага алею каля 20 тыс. т. На свае патрэбы вырошчваюць ямс, тара, батат, бананы, арахіс, тытунь, сою, рыс, перац, фасолю, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба. Мясц. жыхары гадуюць свіней і птушак (у 2000—185 тыс. курэй). Ёсць некалькі буйных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, дзе трымаюць каля 25 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы. Рыбалоўства і промысел малюскаў. У 2000 вылаўлена 53,4 тыс. т рыбы (пераважна тунец і баніта). Прам-сць занята ў асн. перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВт∙гадз (1998). Ёсць прадпрыемствы рыбамаразільныя і рыбакансервавыя, па вытв-сці пальмавага алею, першаснай перапрацоўцы тытуню, апрацоўцы трэпангаў і спецый, швейныя, мукамольныя, хлебапякарныя, безалкагольных напіткаў. Развіты лесанарыхтоўка, лесапільная і дрэваапр. прам-сць. Мэблевыя ф-кі працуюць пераважна на ўнутр. рынак. Невял. здабыча баксітаў, фасфарытаў, медных і нікелевых руд. З рамёстваў найб. развіты разьбярства па дрэве, выраб сувеніраў з перламутру, цыновак, кошыкаў і лодак. Важнае месца займае замежны турызм (каля 20—25 тыс. чал. штогод, пераважна з Аўстраліі, ЗША, Новай Зеландыі, даход у 1998 склаў 13 млн. дол.). Транспарт пераважна марскі, гал. порт — г. Ханіяра. На астравах 1360 км аўтадарог, з іх толькі 34 км з цвёрдым пакрыццём. Для пасаж. сувязей выкарыстоўваецца авіятранспарт, у краіне 33 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля г. Ханіяра. У 1996 экспарт склаў 184 млн. дол., імпарт — 151 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра, драўніна, пальмавы алей, рыба і рыбапрадукты; у імпарце — паліва, прамысл. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія (50% экспарту, 10% імпарту) і Аўстралія (42% імпарту). Краіна атрымлівае пастаянную эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый, а таксама ад Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — долар С.А.

Літ.:

Малаховский К.В. Соломоновы острова. М., 1978.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Саламонавых Астравоў.

т. 14, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)