НАХА́БЦАЎ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 16.7.1938, ст. Болшава Мыцішчанскага р-на Маскоўскай вобл.),

расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1961). Лепшыя фільмы зняў з рэжысёрам Э.​Разанавым: «Дайце кнігу скаргаў» (1965), «Беражыся аўтамабіля» (1966, абодва з А.​Мукасеем), «Зігзаг удачы» (1968), «Службовы раман» (1977), «Гараж» (1980), а таксама тэлефільмы «Іронія лёсу, або З лёгкім парам» (1975), «Пра беднага гусара закіньце слова» (1980). Сярод інш. работ «Гэта салодкае слова — свабода» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), тэлефільмы «Той самы Мюнхгаўзен» (1979), «Формула кахання» (1984), «Маскоўскія канікулы» (1995). Фільмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, выразнасцю партрэтных характарыстык. Дзярж. прэмія СССР 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.​С.​Цітоў (этнаграфія), У.​М.​Сацута.

Барана плеценая.
Да арт. Барана: 1 — навясная зубавая тыпу «зігзаг» (секцыя); 2 — дыскавая; 3 — спружыновая; 4 — шлейф-барана; 5 — пашавая шарнірная; 6 — ігольчастая.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛАВУ́С Дзмітро (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, М.​Калачынскага, Я.​Коласа, У.​Корбана, К.​Крапівы, Я.​Купалы, М.​Макаля, М.​Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.​Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.​Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.​Рыльскага 1976.

Тв.:

Вибране. Киів, 1980;

Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.

Літ.:

Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,

машына, якая злучае нітачным швом дэталі швейных вырабаў, робіць іх аддзелку і аздабленне, дэкар. строчку, вышыўку, прышыванне гузікаў, абкідванне петляў і інш.

Бываюць бытавыя і прамысловыя, з ручным, нажным і эл. прыводам; чаўнаковыя (для ўсіх тканін) і ланцуговыя (для трыкатажу; у іх замест чаўнака — пятліцель); універсальныя (найб. пашыраны аднаіголкавыя сточвальныя) і спецыялізаваныя (зігзаг-машыны, пяцельныя, патайнога шыўка, фастрыгавальныя, абкідвальныя, замацавальныя, гузікавыя і інш.). Ёсць таксама Ш.м. для бязнітачнага злучэння дэталей. Ш.м. робяць да 1500 шыўкоў за мінуту (прамысл. да 5500). Выкарыстоўваюцца ў швейнай, трыкатажнай, абутковай і інш. вытв-сцях, у побыце. Першая Ш.м. вынайдзена ў 1755 у Вялікабрытаніі (Ч.​Ф.​Вейзенталь). Далейшае развіццё (ад вынаходкі іголкі з вушкам на канцы да зубчастай пласцінкі, што перасоўвае тканіну) Ш.м. атрымала ў 19 ст. ў ЗША (Э.​Хоў, А.​Вільсан, І.​М.​Зінгер). На Беларусі розныя тыпы Ш.м. выпускае акц. т-ва «Орша».

Схема швейнай машыны: 1 — чаўнок; 2 — рэйка; 3 — іголка; 4 — рэгулятар нацяжэння верхняй ніткі; 5 — галоўны вал; 6 — рукаў; 7 — махавік.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ Эльдар Аляксандравіч (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),

расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.​Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.​Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.​Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.

Тв.:

Грустное лицо комедии. М. 1977;

Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.​Брагінскім);

Неподведенные итоги. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

Эльдар Рязанов: Сб. М., 1974.

Э.А.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук 1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́рны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які складае з кім‑, чым‑н. пару (у 1 знач.). Парная рукавіца. Парныя боты. □ Па вёсцы хадзілі парныя патрулі. Сабаленка. // Які складаецца з дзвюх аднолькавых частак. Коні ходзяць папарна.. ў парных баронах «зігзаг». Брыль. На пагорку ў ельніку праскакала спуджаная казуля, парныя сляды яе нагадвалі [праткнутыя] тонкай палкай дзіркі. Ляўданскі. // Размешчаны парамі, папарна. Парныя лісты.

2. Запрэжаны парай коней; прызначаны для запрэжкі парай коней. Паскрыпваючы рысорамі, лёгка праляцеў карны фаэтон Гунава. Самуйлёнак. Каня, што дрыжаў ад сцюдзёнай вапны,.. запраглі ў парныя сані аднаго. Корбан.

3. Які выконваецца, робіцца парай, парамі. Парны палёт. Парны разрад. □ Выконваецца гэты парны народны танец [балеро] і ва ўмераным і ў вельмі хуткім тэмпе. «Маладосць».

•••

Парны лік гл. лік.

па́рны ​2, ‑ая, ‑ае.

Душны, насычаны вільгаццю. Надыходзіла парная хмурная майская ноч — яўны прадвеснік навальніцы. С. Александровіч. Сонца адышло ад зямлі .. і настылая за ноч зямля дыхнула ў твар парным, цёплым духам. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)