у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛАШЫ́СТЫ,
у 1938—45 члены венг фаш. партыі «Nylaskereszt párt» («Скрыжаваныя стрэлы»; ад імя лідэра Ф.Салашыназ. таксама салашыстамі). Партыя Н. утворана членамі забароненай урадам М.Хорці «Венг. нацыянал-сацыялісцкай партыі — хунгарысцкі рух» (засн. ў 1937). У вер. 1940 аб’ядналі апазіцыйныя ўраду ўсе фаш. партыі і групы Венгрыі. Патрабавалі ўзмацнення праследавання Камуніст. і Сацыял-дэмакр. партый, устанаўлення ў краіне таталітарнага рэжыму і больш цеснага супрацоўніцтва з фаш. Германіяй. Актывізавалі дзейнасць пасля ўступлення Венгрыі ў вайну супраць СССР (чэрв. 1941). Пасля адстаўкі Хорці з 15.10.1944 да 27.3.1945 узначальвалі ўладу на акупіраванай ням.-фаш. войскамі ч. Венгрыі. Партыя Н. забаронена паводле пастановы часовага нац. ўрада аб роспуску фаш. арг-цый ад 26.2.1945, а яе лідэры асуджаны як ваен.злачынцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХА́У (Dachau),
канцэнтрацыйны лагер на тэр. Германіі ў 1933—45. Створаны на ўскраіне г. Дахаў (17 км ад Мюнхена). Першапачаткова тут былі зняволены паліт. праціўнікі нацысцкага рэжыму (камуністы, сацыял-дэмакраты, апазіц. свяшчэннікі і інш.). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры, які меў каля 125 аддзяленняў і т.зв. знешніх камандаў на ваен. прадпрыемствах Паўд. Германіі і Аўстрыі, праводзіліся злачынныя мед. эксперыменты на вязнях. За час існавання праз лагер прайшло каля 250 тыс. вязняў з 24 краін, загінула 148 тыс.чал. 28.4.1945, напярэдадні з’яўлення войск ЗША, дзеючая ў лагеры інтэрнац.падп.арг-цыя Супраціўлення падняла паўстанне, дзякуючы чаму засталіся жывымі 30 тыс. апошніх вязняў. У 1945—47 камендант, ахоўнікі лагера і медыкі-злачынцы асуджаны ў Нюрнбергу. У 1965 у Д. адкрыты мемар. комплекс (музей, малітоўныя дамы, помнікі); у 1984 уключаны ЮНЕСКА ў спіс аб’ектаў, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кампрачыко́сы
(ісп. comprachicos, ад comprar = купляць + chico = дзіця)
злачынцы ў Іспаніі, Англіі і іншых краінах — 17 ст., якія выкрадалі або куплялі дзяцей, ператваралі іх у фізічных пачвар і прадавалі ў якасці блазнаў і камедыянтаў у багатыя дамы, цыркавыя балаганы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭНАЦЫФІКА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал.ням.ваен.злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав.акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц.акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн.чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ УЛА́СНАСЦІ,
злачынствы, накіраваныя супраць уласнасці ўсіх форм; выяўляюцца ў пасяганні на маёмасць уласніка. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.у. адносяцца: раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, рабавання, разбою, махлярства, прысвойвання і растраты, завалодання маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам; прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману ці злоўжывання даверам, парушэнне правіл карыстання энергіяй або газам у быце, вымаганне маёмасці, прысваенне знойдзенай маёмасці; наўмыснае або неасцярожнае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці (у т. л. падпал, вынікам якога сталі чалавечыя ахвяры, вял. страты, знішчэнне або значнае пашкоджанне лясных масіваў); нядобрасумленныя адносіны да аховы маёмасці, вынікам чаго з’явіліся яе раскраданне, пашкоджанне або знішчэнне ў буйных памерах. Пакаранне за такія злачынствы залежыць ад памераў матэрыяльнай шкоды, прычыненай уласніку, і шэрагу інш. акалічнасцей, якія адносяцца да асобы злачынцы (паўторнасць учыненага злачынства, папярэдняя змова групы асоб, насілле над пацярпелым, ранейшыя судзімасці за падобныя злачынствы і да т.п.). Напр., выкраданне маёмасці ў асабліва буйных памерах цягне за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў; доўгатэрміновае пазбаўленне волі прадугледжана заканадаўствам пры наяўнасці вышэйадзначаных акалічнасцей; дробнае выкраданне маёмасці прадпрыемства, установы, арг-цыі, учыненае ўпершыню, падлягае адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г А.Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),
творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз. члены АМСССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял.Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.Ільфа і Я.Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.
Літ.:
Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.
Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,
германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл.Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт. партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г.фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараны гал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.