прыблі́зіцца, ‑блі́жуся, ‑блі́зішся, ‑блі́зіцца; зак.
1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць да каго‑, чаго‑н. Хвядзько саскочыў на другі бок ка́раў, абышоў іх і прыблізіўся да людзей. Лобан. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залу і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Гартны.
2. Стаць блізкім у часе.
3. Стаць больш блізкім да каго‑н., зблізіцца з кім‑н. Пасля размовы з лейтэнантам Юзік зноў нібы прыблізіўся да .. [Любы]. Васілевіч.
4. Стаць падобным на што‑н. Прыблізіцца да лепшых узораў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пазнаць адзін аднаго па нюху (пра сабак).
2. перан. Разм. неадабр. Зблізіцца, уступіць у тайную змову для сумесных дзеянняў; дамовіцца. Малашкін знюхаўся з Кляновічам, і яны абодва хочуць падарваць аўтарытэт першага намесніка. Пестрак. — Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары. Бажко. // Уступіць у любоўную сувязь. Міхалка з горам на душы расказаў гісторыю сваёй дачкі, якая вучылася на зубнога доктара, але знюхалася з нейкім прайдзісветам, быццам пажаніліся, потым ён пакінуў яе з маленькім дзіцем, і хоць кукуй зараз бацька. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрасці́ся, ‑стуся, ‑сцешся, ‑сцецца; пр. зросся, зраслася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца, утвараючы адно цэлае ў працэсе росту. Бровы зрасліся. Арэхі зрасліся. Агуркі зрасліся. // Набыць ранейшы стан у працэсе зажывання (пра зламаную косць, краі раны і пад.). Косці зрасліся. □ Усе пасечаныя часткі [цела Тром-сына] зрасліся! Якімовіч.
2. перан. Непарыўна злучыцца; зблізіцца, зжыцца з кім‑, чым‑н. [Змітрок] увесь нібы зросся са станком, стаў нейкай галоўнай яго часткай. Ваданосаў. Лабановіч.. моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. павёўся, ‑вялася, ‑лося; заг. павядзіся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць весціся, адбывацца. Цяпер размовы павяліся Наконт паноў і палявання. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць гадавацца, ладзіцца, размнажацца (пра жывёл, насякомых). Пчолы не павяліся. Павялося добрае племя кароў.
3. безас. Увайсці ў звычай, стаць прывычным. Так і павялося. Браты пачалі жыць кожны сам па сабе, як чужыя. Галавач. [Вера:] — У нас дома так павялося, што падпіскай бацька займаецца. Шыцік. Тут ужо так павялося: даражыць гонарам калектыву — значыць не ганьбіць свайго сумлення. «Звязда».
4. Разм. Зблізіцца, пачаць сябраваць. З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяза́цца, звяжуся, звяжашся, звяжацца; зак.
1. Змацавацца, злучыцца адзін з адным (вяроўкай, канатам і пад.). Паднімаючыся на вяршыню, альпіністы звязаліся вяроўкай.
2. Устанавіць зносіны з кім‑, чым‑н. пры дапамозе пэўных сродкаў сувязі. Звязацца па тэлефоне з таварышам.
3. Устанавіць непасрэдныя адносіны, цесныя кантакты з кім‑, чым‑н. І цесна ў працы звязаліся горад з вёскай. Чорны. Немцы разлічвалі на тое, каб не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна. Казлоў.
4. Зблізіцца, завесці агульныя справы (звычайна нядобрыя). [Завішнюку] стала горка на душы, адчуў, што хочацца хутчэй выйсці з хаты, каб і не глядзець на гэтага п’янчугу Акцызніка, з якім звязаўся. Пташнікаў. // Разм. Уступіць у любоўную сувязь. «Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацела. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б...». М. Стральцоў. // Узяцца за якую‑н. справу (звычайна непасільную, непрыемную і пад.). — Звязацца з механікай.. Хіба ж гэта жаночая справа? Ус.
5. Злажыць, упакаваць свае рэчы ў звязкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.
2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.
3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.
4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.
5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.
6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)