бібу́ла, ‑ы, ж.
1. Порыстая папера, якая мае асаблівасць убіраць і прапускаць вадкасць; прамакатка.
2. Тонкая белая або каляровая папера, прызначаная для ўпрыгожвання або ўпакоўкі чаго‑н. З трох бакоў.. [ліхтар] аблеплены бібулаю і толькі чацвёрты бок свеціцца. Барашка.
3. Разм. Нелегальнае выданне. [Надзорца] разгарнуў паперку і, зірнуўшы ў яе, задаволена заскрыпеў: — А вось яно што, камуністычная бібула! Машара.
[Лац. bibulus.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што і чаго.
1. Тое, што і жадаць (у 2 знач). — Мой сын! Дабра я табе зычу, благасла ясных зор. Дубоўка. Відаць было, што цётка Яромінчыха задаволена сваёй кватаранткай і зычыць ёй шчасця, як роднаму дзіцяці. Кухараў.
2. Абяцаць, прадказваць што‑н. Каханне Машэкі і Наталькі зычыла ім шчасце ў будучым. Шкраба. Ноч зычыла холад, — па зжатых палях за туманам ужо блізка да вёскі кралася восень. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.
2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́лька 1, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Прылада для курэння, якая складаецца з цыбука і галоўкі, пустой ўнутры, у якую насыпаюць тытунь. — Ноч будзе сёння халодная, — сказаў Дзямід, задаволена пыхкаючы сваёй люлькай. В. Вольскі. Абкураная .. люлька ў бацькавай руцэ знаёма пахла дымам. Савіцкі.
лю́лька 2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Тое, што і калыска (у 1 знач.). Цераз люльку да матулькі Ручкі цягне ўжо Марат! Лявонны.
2. Тое, што і калыска (у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молат гл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.
2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.
3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міравы́ 1, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны з устанаўленнем мірных адносін паміж спрэчнымі бакамі. Міравое пагадненне.
2. у знач. наз. мірава́я, ‑ой, ж. Мірнае вырашэнне спрэчкі, сваркі. [Алена:] — Ці не сватацца ты, Лёнік, прыйшоў? Чаму ж адзін? — Спачатку завітаў да Ады на міравую. Пасварыліся мы з ёю трошкі. — Вунь што, а яна мне нічога не сказала. Пальчэўскі.
3. У царскай Расіі і ў некаторых буржуазных краінах — звязаны з судовымі органамі, якія разбіраюць, галоўным чынам, дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы. Міравы суд. Міравы пасрэднік. Міравы суддзя.
•••
Міравая здзелка гл. здзелка.
міравы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Разм. Вельмі добры, цудоўны. — Капітан наш міравы! — задаволена паціраючы рукі, з юначым запалам хваліцца лейтэнант. Васілевіч. [Шэмет:] — Пагодка, я, гляджу, заўтра міравая будзе. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ліва, ‑а, н.
1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.
2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.
3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.
4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.
•••
Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.
Ні каліва — ніколькі, ані.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
1. што, з інф. і дадан. сказам. Даць дазвол, згадзіцца на што‑н. Дазволіць пастаноўку п’есы. Дазволіць увайсці. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць магчымасць што‑н. зрабіць; ажыццявіць. Мінеральныя ўгнаенні дазволяць за 7 гадоў амаль патроіць ураджаі. Дуброўскі. [Тварыцкі] дайшоў да таго доміка, дзе жыў Несцяровіч, а цераз сенцы Ірына.. Вокны адчынены, і адтуль шмат галасоў. Гэта не дазволіла яму адразу пайсці туды. Чорны.
3. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма ветлівага звароту да прысутных пры пачатку якога‑н. дзеяння. Дазвольце сход лічыць адкрытым. □ — Таварышы! Дазвольце назваць вас ганаровым і слаўным імем — чырвонаармейцы. Мікуліч.
4. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма пярэчання, нязгоды з чым‑н. — Да... Дазвольце! — ускрыкнуў чыноўнік. — Дазвольце... Якое права... Самуйлёнак. Другую [пасцель] Таня прынесла сама. — Дазвольце, мы самі ўсё зробім, не турбуйцеся, — папрасіла жанчына. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́жасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан свежага. Свежасць кветак. Свежасць бялізны. Свежасць думак. □ Пахне свежасцю лясной, Борам, соснамі, смалой. Дзеружынскі.
2. Чыстае, халаднаватае паветра; прахалода. Даносіў вецер з Волгі свежасць. Свірка. // Адчуванне прахалоды, чыстаты. — А-аах, такая свежасць па ўсяму целу [пасля купання]... Як бы на свет нанава нарадзіўся... — задаволена сказаў Вадзім. Ставер.
3. Свежы, здаровы выгляд. [Трахім] да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю. Крапіва. Свежасць шчок, якая была ў яе [Галіны], можна было сустрэць толькі ў малых дзяцей. Васілевіч.
4. Адчуванне бадзёрасці, жыццярадаснасці. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе [Анэткі] руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй. Колас.
5. Непасрэднасць, шчырасць, чысціня пачуццяў, успрыманняў і пад. Нічога я ад гэтага не страціў: Ні шчырасці, ні свежасці сваёй. Танк.
•••
Не першай свежасці — а) нясвежы (аб прадуктах харчавання). Мяса не першай свежасці; б) бруднаваты, не вельмі чысты. Кашуля на мне была не першай свежасці. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)