вы́разаць, ‑ражу, ‑ражаш, ‑рэжа; заг. вы́ражы і вы́раж; зак., што.

1. Выняць, дастаць, выдаліць што‑н. рэжучым інструментам. Выразаць мёд з вулля. Выразаць міндаліны.

2. Зрабіць выраз у чым‑н. Выразаць пройму. Выразаць праём у сцяне.

3. Вымежаваць, адмераць (участак зямлі, лесу і пад.); нарэзаць. [Гушка:] — З якога ж тады кавалка мне Сурвіла выража мае дзве дзесяціны? Чорны. Перш за ўсё.. [Каліна] зрабіў нажом на кары дрэваў зарубкі, каб адзначыць граніцы сваёй гаспадаркі, і выразаў сабе вельмі ладны кавалак пушчы. Багдановіч.

4. Вырабіць што‑н. разьбой. Выразаць лыжку.

5. Зрабіць рэжучым інструментам надпіс, малюнак і пад. Выразаць пячатку, ініцыялы. □ Трэба было ў дасканаласці авалодаць друкарскай тэхнікай, адліць адпаведныя шрыфты, выразаць вялікія літары гравюры. С. Александровіч.

6. Зрэзаць, адрэзаць для якой‑н. патрэбы. Выразаць лазіну.

7. Вынішчыць, забіць халоднай зброяй. Бандыты выразалі ўсю сям’ю. // Спілаваць, высечы. Выразаць лес. // Загрызці ўсіх або многіх (пра ваўкоў). Выразаць статак.

выраза́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́разаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Забіць нажом, кінжалам і пад. Генрык Візэнер спыніў абстрэл, агідліва плюнуў, выцер хустачкай рукі, нібы сам ён уласнымі рукамі зарэзаў усіх гэтых людзей, што засталіся ляжаць на полі. Шамякін. // Забіць на мяса (свойскую жывёліну). Зарэзаць парсюка. // Разм. Загрызці (пра драпежных жывёл). Васіль.. гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку. Мележ.

2. Разм. Зрабіць зарэзку, выемку на чым‑н. Зарэзаць вугал у бервяне.

3. Зрабіць зарэз, надрэз глыбей або далей, чым трэба. Зарэзаць за лінію. □ — А вось ты, браток, — звяртаецца [Дзераш] да аднаго хлапца, што рабіў зарубку шпал, — не гэтак робіш. Вунь глядзі: зарэзаў нажоўкай зашмат. І нахіл у зарубцы не такі зрабіў — не роўны. Трэба ж на адну дваццатую рабіць, як вучыў... Шынклер.

4. перан. Разм. Паставіць у бязвыхаднае становішча, зрабіць непрыемнасць; загубіць. [Баяновіч:] У нас была надзея, што Азорыч Дастане весткі, выручыць з бяды... Зарэзаў ён мяне! Глебка.

5. перан. Разм. Даўшы нізкую ацэнку (твору), не дапусціць да друку. Зарэзаць кнігу. Зарэзаць артыкул. // Паставіць дрэнную адзнаку на экзамене. Зарэзаць на экзаменах.

•••

Без нажа зарэзаць — дапячы каму‑н. прыдзіркамі, папрокамі, загадамі; зрабіць невыносным становішча.

Хоць зарэж(це) — што б там ні было, ні ў якім разе. — Не, і на такі крок я не здольны. Хоць зарэж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)