ганчарныя вырабы з вёсак Благаўка, Новае Вільянава, Літвінавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. У 19 — пач. 20 ст. тут працавалі каля 200 ганчароў, якія выраблялі чырвонагліняныя непаліваныя, а таксама гартаваныя і чорназадымленыя гаршкі, гладышы, збанкі, цёрлы, вазонніцы, спарышы (парнікі). У 20 ст. пашырылася глазураваная кераміка з палівай зялёнага колеру, адвольныя пацёкі якой прыгожа кантрастуюць з непаліванай паверхняй. Часам на верхнюю частку вырабаў наносіўся выціснуты дэкор у выглядзе 2—3 хвалістых ці роўных паяскоў. Промысел заняпаў у 1970-я г. Калекцыі благаўскай керамікі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нац.маст. музеі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,
працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх.дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКА ТРЫУМФА́ЛЬНАЯ, трыумфальная брама,
пастаяннае або часовае манументальнае афармленне праезду (звычайна арачнае) або збудаванне ў гонар ваеннай перамогі, гістарычнай падзеі ці асобы. Брамы з адным ці трыма арачнымі пралётамі звычайна маюць насычаны арх.-пластычны дэкор: аздоблены скульптурай, памятнымі надпісамі. Узніклі ў Стараж. Рыме, дзе прызначаліся для цырымоніі ўезду пераможцы: аркі Ціта (81), Септымія Севера (203), Канстанціна (315). Накшталт іх пабудаваны аркі ў Парыжы на пл. Карузель (1806, арх. Ш.Персье і П.Фантэн) і пл. Шарля дэ Голя (1837, арх. Ж.Ф.Шальгрэн). У Расіі аркі трыумфальныя будавалі ў гонар ваен. перамог (Трыумфальныя вароты ў Маскве, 1834, В.Бавэ; Неўскія трыумфальныя вароты ў С.-Пецярбургу, 1833, арх. В.Стасаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,
жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.Богін, А.Воўк, Ю.Грыгор’еў, І.Грышчынскі, Л.Кліцунова, П.Кракалёў, Н.Краўкова, Э.Левіна, С.Мусінскі, І.Сітнікава, Л.Сакалова, А.Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.
Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт.дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.