стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКІНЕ́ТЫКА (ад макра... + кінетыка), макраскапічная кінетыка,
раздзел кінетыкі хімічнай, які вывучае хім. пераўтварэнні ў іх сувязі з пераносу з’явамі. Вызначае ролю дыфузіі, канвекцыі і цеплаперадачы ў хім. працэсах на мяжы падзелу фаз (электрахім. рэакцыі, гетэрагенны каталіз, хемасорбцыя і інш.). Заканамернасці М. з’яўляюцца колькаснай асновай пры праектаванні рэактараў хімічных, адыгрываюць важную ролю ў працэсах гарэння.
У М. хім. працэс разглядаецца, як сукупнасць з’яў пераносу і хім. пераўтварэнняў. Рэжым хім. працэсу наз. кінетычным, калі яго скорасць вызначаецца законамі хім. кінетыкі, і дыфузійным, калі стадыяй, якая лімітуе скорасць працэсу, з’яўляецца дыфузія рэагентаў. Для колькаснай ацэнкі дыфузійнага рэжыму карыстаюцца фактарам эфектыўнасці η (0<η<1), які вызначаюць як адносіны назіраемай скорасці працэсу да сапраўднай скорасці хім. рэакцыі ў дадзеных умовах. Макракінетычныя заканамернасці вызначаюць метадамі нераўнаважнай тэрмадынамікі, фіз.-хім. гідра- і газадынамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСМО́КТВАННЕ, рэзорбцыя,
пераход рэчываў праз клетачныя элементы жывёльных тканак у кроў і лімфу. Адбываецца пераважна ў стрававальным тракце, таксама з поласці лёгкіх, плеўры, маткі, мачавога пузыра, з паверхні скуры, слізістых абалонак і інш.Найб. спецыялізаванае — У. ў кішэчніку пазваночных праз варсінкі або мікраварсінкі эпітэліяльных клетак.
Большасць высокамалекулярных пажыўных рэчываў перад У. ферментатыўна гідралізуецца і ператвараецца ў простыя злучэнні (напр., бялкі — у амінакіслоты, вугляводы — у монацукрыды). Праз клетачныя мембраны рэчывы пранікаюць пасіўна (дыфузія, фільтрацыя, электраосмас і інш.) і актыўна — з удзелам спец. пераносчыкаў і з затратай энергіі. У працэсе У. ўдзельнічаюць клетачныя арганоіды — мітахондрыі, комплекс Гольджы, эндаплазматычная сетка. Парушэнне У. прыводзіць да знясілення арганізма. Адваротнае У. адбываецца ў сакраторных і экскрэторных органах (напр., у ныркавых канальцах пры мочаўтварэнні). Гл. таксама Біялагічныя мембраны, Транспарт рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕ́ТЫКА ФІЗІ́ЧНАЯ,
раздзел тэарэтычнай фізікі, у якім вывучаюцца мікраскапічныя працэсы, што ўзнікаюць у фіз. сістэмах пры адхіленні ад стану раўнавагі тэрмадынамічнай.
К.ф. падзяляюць на фенаменалагічную (тэрмадынамічную) і статыстычную. Фенаменалагічная К.ф. разглядае законы змены макраскапічных параметраў (напр., т-ры, канцэнтрацыі часціц) нераўнаважных сістэм пры дыфузіі, цеплаправоднасці, унутр. трэнні і інш.Ураўн. фенаменалагічнай К.ф. выводзяцца з меркавання, што адхіленні ад раўнавагі (звычайна невялікія) характарызуюцца градыентамі т-ры і хім. патэнцыялу. Пры наяўнасці градыентаў некалькіх велічынь, напр., т-ры і канцэнтрацыі, у сістэме ўзнікаюць прамыя працэсы пераносу (цеплаправоднасць, дыфузія) і перакрыжаваныя працэсы (напр., тэрмадыфузія, дыфузійная цеплаправоднасць). Статыстычная К.ф. вызначае кінетычныя каэф. (напр., каэф. вязкасці, дыфузіі, цеплаправоднасці). Вывад ураўн. фенаменалагічнай К.ф. і вылічэнне кінетычных каэф. робяцца з дапамогай кінетычнага ўраўн., якое апісвае змену нераўнаважнай функцыі размеркавання сістэмы (гл.Кінетычная тэорыя газаў).
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЫМЕНТА́ЦЫЯ (ад лац. sedimentum асяданне),
асяданне часцінак дысперснай фазы (цвёрдых крупінак, кропелек вадкасці, пузыркоў газу) у вадкім ці газападобным дысперсным асяроддзі ў гравітацыйным полі ці ў полі цэнтрабежных сіл. Адбываецца пры перавазе накіраванага руху часціц (пад уздзеяннем сілы цяжару ці цэнтрабежных сіл) над хаатычным цеплавым рухам (гл.Браўнаўскі рух, Дыфузія).
Часцінкі грубадысперсных сістэм седыментуюць у полі гравітацыйных сіл, С. калоідных часцінак і макрамалекул магчыма ў полі цэнтрабежных сіл (гл.Цэнтрыфугаванне). Скорасць С. залежыць ад масы, памераў і формы часцінак, вязкасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад паскарэння, што ўзнікае пры ўздзеянні на іх сіл поля. У прыродзе ў выніку С. адбываюцца асадканамнажэнне ў водных басейнах, адстойванне мутнай вады, ачышчэнне паветра ад пылавых і кропельнавадкіх часцінак. У прам-сці С. выкарыстоўваецца пры абагачэнні карысных выкапняў, раздзяленні прадуктаў хім. і нафтахім. тэхналогій, водаачыстцы і інш. С. ў цэнтрыфугах — аснова седыментацыйнага аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
апапла́ст
(ад апа- + -пласт)
сукупнасць свабодных прастораў у тканках раслін, па якіх ажыццяўляецца свабодная дыфузія рэчываў (міжклетнікі, клетачныя абалонкі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
экзо́смас
(ад экза- + осмас)
біял. прасочванне (дыфузія) вадкасцей і некаторых раствораных рэчываў з клеткі ў знешняе асяроддзе (проціл.эндосмас).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эндо́смас
(ад энда- + осмас)
біял. прасочванне (дыфузія) вадкасцей і некаторых раствораных рэчываў са знешняга асяроддзя ў клетку (проціл.экзосмас).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ТРА́НСПАРТ РЭ́ЧЫВАЎу жывых арганізмах,
перанос рэчываў у вадкіх асяроддзях арганізма (кроў, лімфа, тканкавая вадкасць) і праходжанне іх праз біял. бар’еры (мембраны, клеткі, міжклетачны матрыкс). У біял. вадкасцях рэчывы транспартуюцца ў свабодным або звязаным (пераважна з бялкамі) выглядзе. Пры пераходзе праз мембраны адрозніваюць Т.р. пасіўны і актыўны. Пасіўны ажыццяўляецца па градыенце канцэнтрацыі (ад большай да меншай) у бок меншага электрахім. патэнцыялу без затраты метабалічнай энергіі (гідролізу АТФ), уключае дыфузію (простую і аблегчаную) і перанос праз каналы. Простая дыфузія (напр., кіслароду O2, дыаксіду вугляроду CO2) ажыццяўляецца без утварэння комплексаў з інш. малекуламі; аблегчаная — з дапамогай рухомых або фіксаваных у мембранах пераносчыкаў (напр., усмоктванне ў кішэчніку вітаміну B12 з дапамогай спец.трансп. бялку — гастраму-капратэіну). Т.р. праз спецыялізаваныя каналы характэрны для іонаў натрыю Na+, калію K+, кальцыю Ca2+ і інш. Актыўны Т.р. адбываецца супраць градыентаў іх хім. канцэнтрацый з затратай метабалічнай энергіі (гідроліз АТФ). Так ажыццяўляецца перанос нізкамалекулярных катыёнаў, амінакіслот, некат. гармонаў, вітамінаў і інш. Асобныя віды Т.р. — осмас, пінацытоз, фільтрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.