НУ́НЦЫЙ (ад лац. nuntius вяшчун),

пастаянны дыпламат. прадстаўнік Ватыкана пры ўрадзе замежнай дзяржавы, якая падтрымлівае з ім афіц. дыпламат. адносіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. адносінах 1961 Н. адпавядае дыпламат. рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. Інстытут пастаяннага прадстаўніцтва Н. склаўся ў 1-й пал. 16 ст. У большасці каталіцкіх краін Н. з’яўляецца старэйшынай (дуаенам) дыпламат. корпуса.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́Л,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва найб. высокага ў пратакольных адносінах узроўню; у большасці краін — вышэйшы дыпламат. ранг. Вызначаецца ў пагадненні дзяржавамі, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару класа кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, прызнаных міжнар. звычаем і пацверджаных Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П. акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СЫ ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ,

усталяваны ў дыпламат. практыцы і замацаваны ў міжнар. праве падзел дыпламат. прадстаўнікоў. Устанаўліваецца заканадаўствам асобных дзяржаў у адпаведнасці з нормамі міжнар. права. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961, кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў (пасольстваў, місій) падзяляюцца на 3 класы: паслы і нунцыі (паслы Ватыкана), пасланнікі і інтэрнунцыі (пасланнікі Ватыкана), павераныя ў справах. У адпаведнасці з канвенцыяй клас, да якога павінны належаць кіраўнікі прадстаўніцтваў, вызначаецца пагадненнем паміж дзяржавамі. Парадак, якога прытрымліваюцца ў кожнай дзяржаве ў час прыёму кіраўнікоў прадстаўніцтваў, павінен быць аднолькавы ў адносінах да кожнага класа. Звычайна дзяржавы абменьваюцца дыпламат. прадстаўнікамі аднаго і таго ж класа.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУАЕ́Н (ад франц. doyen старшыня, старэйшына),

асоба, якая ўзначальвае дыпламат. корпус у якой-н. краіне. Звычайна Д. — вышэйшы рангам дыпламат. прадстаўнік. Калі некалькі дыпламат. прадстаўнікоў маюць аднолькавы ранг, то Д. — асоба, якая найдаўжэй знаходзіцца ў краіне прызначэння з моманту ўручэння даверчых грамат.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННІК,

дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),

1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.

2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РАНЫ У́ СПРА́ВАХ,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва малодшага ў пратакольных адносінах узроўню (місіі); малодшы клас кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (адпаведна пасля пасла і пасланніка). Вызначаецца ў пагадненнях дзяржаў, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару сярод класаў кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, якія прызнаны міжнар. звычаем і пацверджаны Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П.ў с. акрэдытуецца пры кіраўніку ведамства замежных спраў (у адрозненне ад пасла і пасланніка, якія акрэдытуюцца пры кіраўніку дзяржавы). Адрозніваецца ад часовага паверанага ў справах, які выконвае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва на час яго адсутнасці.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА, паўпрэдства,

у 1918—41 г. дыпламат. прадстаўніцтва Сав. дзяржавы (да 1922 — РСФСР, потым СССР) за мяжой. Пасля ўвядзення дыпламат. рангаў прадстаўніцтвы пачалі наз. пасольствамі.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЫЎНА́Я ГРА́МАТА,

дакумент аб адкліканні ўрадам свайго дыпламат. прадстаўніка ў замежнай дзяржаве. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы, што прызначыла дыпламат. прадстаўніка, і накіроўваецца кіраўніку дзяржавы, пры якой ён акрэдытаваны.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСО́НА НОН ГРА́ТА (лац. persona non grata непажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, якой адмоўлена ў агрэмане, таксама дыпламат. прадстаўнік або іншы дыпламат, знаходжанне якога дзяржава аб’явіла непажаданым. Абвяшчэнне П.н.г. — заява дзяржавы пра тое, што далейшае знаходжанне дыпламата, членаў яго сям’і або іншага супрацоўніка дыпламат. прадстаўніцтва на яе тэрыторыі з’яўляецца непажаданым. Прававым вынікам такой заявы з’яўляецца ўзнікненне ў прадстаўляючай дзяржавы абавязку адклікаць адпаведную асобу ў тэрмін, пазначаны ў заяве, пры нявызначаным тэрміне — на працягу прымальнага часу. Калі дыпламат. асоба не пакідае краіну, мясц. ўлады могуць абвясціць дыпламата прыватнай асобай з вынікаючымі наступствамі.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)