КАВАЛЕ́ЎСКАЯ (Софія) (1853, в. Малыя Бакшты Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. —22.2.1918),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Вывучала матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, сабрала калекцыю прадметаў нар. рамёстваў, твораў мастацтва, а таксама матэрыялы пра паўстанне 1863—64 на Міншчыне, якому прысвяціла некалькі артыкулаў («Адзін з многіх», 1908; «1863 год на Міншчыне», 1917) і кн. «З успамінаў выгнанца» (1911). Аўтар працы «Святкаванне вяселля ў Вілейскім павеце ў ваколіцах Маладзечна і Радашковіч» (1900), дзе разам з апісаннем абраду прыводзяцца ўзоры фальклору. Выдала кнігу «Мінскія абразкі, 1850—1863» (1912) пра гісторыю гімназіі і яе выкладчыкаў, тэатр. сям’ю В.Дуніна-Марцінкевіча, памятныя мясціны горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,
верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Я.Купалы і інш.
Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)
У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГО́Ў (Міхаіл Міхеевіч) (н. 25.1.1933, г. Арцёмаўск Краснаярскага краю, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1957). Працаваў у Новасібірску. З 1975 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар ін-та), з 1978 кіраўнік майстэрні, з 1988 гал. архітэктар праектаў. Асн. работы: у Новасібірску — манумент Славы (1967), комплекс рачнога вакзала з гасцініцай (1973), адм. будынак (1980, усе ў сааўт.); на Беларусі: у Бабруйску — т-р драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (1979, інтэр’ер), у Мінску — станцыі метро «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), Палац Рэспублікі (2000, кіраўнік аўтарскага калектыву); прафілакторый у Валожынскім р-не (1986, у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПКО́ (Пупка) Апалінарый Фларыянавіч
(12.11.1893, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 18.6.1984),
беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве. У сваёй творчасці працягваў лепшыя традыцыі бел.нар. драўлянай скульптуры. Аўтар работ ка мернага характару на фалькл., літ., гіст., казачныя сюжэты: «Несцерка» (1965), «Жалейка» (1970), «Ганчар» (1972), «Араты», «Мая доля», «Лірнік», «Збянтэжаны Саўка» (усё 1979) і інш. Стварыў партрэты В.Дуніна-Марцінкевіча (1976), А.Пашкевіч (Цёткі, 1977), Ф.Скарыны (1980), эпічныя манум. творы «Маці» (1976), «Летапісец» (1977), «Гусляр», «Сейбіт» (1978) і інш.
Літ.:
Сахута Я. Народны майстар-разьбяр А.Пупко. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сентыменталі́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у літаратуры і мастацтве другой паловы 18 — пачатку 19 стст., які характарызуецца асаблівай увагай да душэўнага свету чалавека, да прыроды і разам з тым ідэалізуе рэчаіснасць. Багушэвіч выступае.. (у прадмове да зборніка «Смык беларускі») супраць літаратурнага лібералізму і сентыменталізму, у прыватнасці, супраць тых твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў, у якіх жыццё народа паказвалася непраўдзіва, словам, не так, як гэта патрабавалася метадам крытычнага рэалізму.Ларчанка.
2.Уст. Залішняя чуллівасць, сентыментальнасць. Клопат быў аб тым, каб, пазбягаючы квяцістасці, сентыменталізму, адначасова не ўпасці ў сухасць, канцыляршчыну.Кучар.
[Фр. ад sentiment — пачуццё, чуллівасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,
першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс.экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л.Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка», 1908), З.Бядулі («Абразкі»), Ц.Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.Каганца, «Сватанне» А.Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Хам» Э.Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ (Аляксандр) (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс
(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),
літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, У.Сыракомлем, А.Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ (Бірута Альфонсаўна) (11.6.1916, Вільня — 21.4.1996),
бел. актрыса. Сястра Г.А.Дакальскай. Вучылася ў Мінскім муз. тэхнікуме (1932—34). З 1935 у Бел. т-ры рабочай моладзі, у 1937—78 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Асаблівае месца ў яе творчасці займала роля Паўлінкі ў аднайм. п’есе Я.Купалы (сыграла яе больш за 450 разоў). Выконвала ролі дзяўчынак і падлеткаў, маладых дзяўчат, пазней характарныя, у якіх выявіла сапраўдны драматызм і выразную пластыку: Таццяна («Салавей» З.Бядулі), Марыля («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Тэкля («Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча), Сцепаніда Моўчан («Амністыя» М.Матукоўскага), Дар’я («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Жонка гаспадара лазні («Характары» В.Шукшына), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.Себасцьяна) і інш.