дружалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Прыязны, добразычлівы. Дружалюбныя адносіны. Дружалюбны чалавек. □ Што-о, што вы сказалі? — перабіў Рыгора чыйсьці далёка не дружалюбны голас. Гартны. // Заснаваны на дружбе, на прыязных адносінах; узаемна добразычлівы. Дружалюбная палітыка. Дружалюбныя дзяржавы. Дружалюбная размова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АМАНУЛА́-ХАН (1.6.1892 — 25.4.1960),

кароль Афганістана ў 1919—29. 28.2.1919 абвясціў незалежнасць Афганістана і ўзначаліў вызв. барацьбу супраць Вялікабрытаніі. У 1921 заключыў з РСФСР дагавор аб дружбе, у 1926 — з СССР дагавор аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзенні. Праведзеныя ім рэформы спрыялі цэнтралізацыі краіны, развіццю нац. эканомікі і культуры, умацаванню незалежнасці дзяржавы. У выніку антыўрадавага паўстання 1928—29 быў вымушаны пакінуць краіну. Памёр у Цюрыху.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

узаемадапамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.

Узаемная дапамога. Братняя ўзаемадапамога. Дагавор аб дружбе і ўзаемадапамозе. □ Узаемадапамога стала законам у рабоце маладых жывёлаводаў. «Звязда». Новыя словы нейкімі невідочнымі птушкамі мітусіліся вакол: арганізацыя, кааперацыя, выбары, узаемадапамога... Бядуля.

•••

Каса ўзаемадапамогі гл. каса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.

Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936 аб дружбе і саюзе.

Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн. ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дружы́ць, дружу, дружыш, дружыць; незак., з кім і без дап.

Быць у дружбе з кім‑, чым‑н., выяўляць узаемную прыхільнасць; сябраваць. [Зыгмусь з Фэлькам] дружылі вельмі, з самых малых год сваіх. Чорны. Нам дружыць патрэбна між сабою І стаяць за мір — плячо к плячу. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РУДЗЬКО́ (Юрый Герасімавіч) (27.6.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. —4.2.1948),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1933). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» і «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1931. Аўтар аповесцей «Над Одэрам» (нап. 1945), «Сакрэт маладосці» (нап. 1947), «Пястаўская зямля» (1947), зб. нарысаў «Размова па шчырасці» (з Іларыем Дуброўскім, 1935), п’ес «Канец маскараду» (з У.​Стэльмахам, паст. 1938), «Дарагі госць» (1950). Асн. тэмы пасляваен. творчасці — Вял. Айч. вайна, пасляваен. буд-ва ў вёсцы.

Тв.:

Слава дружбе. Мн., 1950.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Пагадненне 1921 аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй ў фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл. Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр. СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л. ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.

т. 14, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кля́сціся schwören* vt, vi;

кляну́ся го́нарам! bei méiner Éhre!, auf Éhre!, mein Éhrenwort!;

кля́сціся ў ве́чнай дру́жбе [ве́чным сябро́ўстве] éwige Fréundschaft schwören*

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

КА́ЗУС ФЕДЭ́РЫС (лац. casus foederis),

умова або юрыд. факт, наступленне якога дае падставу бакам у міжнар. дагаворы прыступіць да здзяйснення або здзейсніць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх. У міжнар. канвенцыях і інш. актах аб правілах вядзення вайны К.ф. служыць вызначэннем моманту, калі ўдзельнікі ўзбр. канфлікту абавязаны ўжываць і выконваць устаноўленыя імі нормы гуманітарнага права. У двухбаковых дагаворах аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж дзяржавамі К.ф. — умова, якая вызначае, што ў выпадку ўзбр. нападу з боку якой-н. дзяржавы на аднаго з удзельнікаў дадзенага дагавора другі бок павінен аказаць яму дапамогу ўсімі сродкамі, уключаючы ўзбр. сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)