адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,
часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.Ф.Карскі, М.М.Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.Р.Раманаў, М.А.Саковіч, А.К.Сержпутоўскі, П.В.Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕРА́ТА»,
вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.Шыкуноў (з 1986), І.Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.Вараб’ёва, Т.Дробышава, Ю.Караткевіч, Г.Гардынец, А.Доўнар, А.Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэслены асн. кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КИ́ЕВСКАЯ СТАРИНА́»,
гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выдаваўся ў 1882—1906 у Кіеве штомесячна на рус. мове. Заснавальнік і першы рэдактар укр. гісторык Ф.Г.Лебядзінцаў. Друкаваў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, л-ры, фальклоры Украіны і інш.слав. народаў, асвятляў некат. пытанні грамадска-паліт. жыцця. У ім упершыню апублікаваны «Дзённік» Ф.Еўлашоўскага (1886), аўтабіяграфія вандроўнага святара 18 ст. І.М.Турчыноўскага «Жыццё і пакуты» (агульны помнік бел. і ўкр. л-ры), арт. М.Ф.Сумцова «Прадмова Івана Мялешкі як літаратурны помнік» (1894). Змяшчаў рэцэнзіі на працы бел. вучоных А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, А.Кіркора, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш., а таксама агляды л-ры па нар. творчасці, этнаграфіі, гісторыі славян. У 1907 выходзіў на ўкр. мове пад назвай «Украіна».
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАТО́РНЫ АНА́ЛІЗ,
камбінаторыка, раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці сукупнасцей элементаў некаторага канечнага мноства ў адпаведнасці з зададзенымі правіламі. Кожнае правіла вызначае спосаб пабудовы некаторай канструкцыі (камбінаторнай канфігурацыі — перастаноўкі, размяшчэння, спалучэння ці інш.) з элементаў зыходнага мноства. Метады К.а. выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі лікаў і інш. Мэта К.а. — вывучэнне камбінаторных канфігурацый, пытанняў іх існавання, алгарытмаў пабудавання, рашэнне задач на пералічэнне.
Задачы К.а. вядомы з глыбокай старажытнасці (у прыватнасці, вывучаліся магічныя квадраты). Матэматыкам Стараж. Усходу была вядома формула, якая выражае лік спалучэнняў праз бінаміяльныя каэфіцыенты, і формула Ньютана бінома з натуральным паказчыкам ступені. Станаўленне К.а. як навукі звязана з працамі Я.Бернулі, Г.Лейбніца, Б.Паскаля, П.Ферма, Л.Эйлера. У 1950-я г. на развіццё К.а. значны ўплыў зрабілі кібернетыка, дыскрэтная матэматыка, тэорыі планавання і інфармацыі.
Літ.:
Рыбников К.А. Введение в комбинаторный анализ. 2 изд. М., 1985.
першая Канстытуцыя БССР. Прынята 3.2.1919 на I Усебел. з’ездзе Саветаў. Створана на ўзор Канстытуцыі РСФСР 1918. Складалася з Дэкларацыі правоў прац. і эксплуатуемага народа і 3 раздзелаў. Замацавала афіц. назву дзяржавы — Сацыяліст.Сав. Рэспубліка Беларусі (ССРБ), абвясціла яе рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Вызначыла асн. задачы дзяржавы — устанаўленне дыктатуры пралетарыяту, падаўленне супраціўлення звергнутых класаў, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, пабудова сацыялізму. Адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і інш. сродкі вытв-сці, якія абвяшчаліся нац. здабыткам. Замацоўвала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвяшчала дэмакр. свабоды — сумлення, выказвання поглядаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў, саюзаў. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян. Уводзіўся ўсеагульны воінскі абавязак. Вышэйшым органам дзярж. улады абвяшчаўся з’езд Саветаў Беларусі, у перыяд паміж з’ездамі паўната ўлады належала Цэнтр. Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). Трэці раздзел прысвячаўся дзярж. сімвалам рэспублікі.