БЭ́ТЛЕР, Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.​Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст. Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Літ.:

Самарин М.Р. Бэньян;

Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;

Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛА ((Cela) Каміла Хасэ) (н. 11.5.1916, г. Падрон, Іспанія),

іспанскі пісьменнік. Чл. Ісп. АН (з 1957). Вывучаў права ў Мадрыдзе і Англіі. Першыя вершы напісаў пад уплывам Р.​Альберці і П.​Нэруды. Паклаў пачатак т.зв. л-ры трэмендызму (ад ісп. tremendo — жахлівы, страшны). У раманах «Сям’я Паскуаля Дуартэ» (1942), «Вулей» (1951) матывы бязвыхаднасці і абсурднасці жыцця. Яго творчай манеры ўласцівы гратэск і іронія, імкненне да прастаты і прымітывізму. Аўтар раманаў «Служба цемры 5» (1973), «Спіс раганосцаў» (1976), «Мазурка для памерлых» (1983), кніг нарысаў, апавяданняў, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Апельсины — зимние плоды. М., 1965;

Семья Паскуаля Дуарте. Улей;

Повести и рассказы. М., 1980.

Літ.:

Тертерян И. Современный испанский роман (1939—1969). М., 1972.

т. 14, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б ((Jacob) Макс) (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),

французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихи. СПб., 1995.

К.​М.​Міхееў.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),

катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.

Літ.:

Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУО́ ((Rouault) Жорж) (27.5.1871, Парыж — 13.2.1958),

французскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў фавізму. Вучыўся ў Парыжы ў школах дэкар. (1885—89) і прыгожых (1890 — каля 1895) мастацтваў. Зазнаў уплывы Г.​Маро, візант. мазаікі, гатычнага вітража, экспрэсіянізму. Творчасці ўласцівы трагізм светаўспрымання, містычна-сімвалічны лад, зварот да рэліг. тэматыкі і закуліснага жыцця грамадства, востры гратэск форм, рэзкі контурны малюнак, вітражная кантрастнасць колераў, пастозная манера пісьма: «Вулічныя жанчыны» (1903), «Трагічны клоун» (1904), «Танец» (1905), «Перад люстэркам» (1906), серыя «Суддзі» (1908), аўтапартрэт (1925), «Стары кароль», «Хрыстос і рыбакі» (абедзве 1937), «Галава Хрыста» (1938), «Вераніка» (каля 1945), «Змярканне» (1952) і інш. Аўтар дэкарацый і касцюмаў да балета «Блудны сын» С.​Пракоф’ева ў пастаноўцы С.​Дзягілева (1929, Парыж), вітражоў, ілюстрацый да твораў Ш.​Бадлера, А.​Жары і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Руо. Танец. 1905.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЬТМАН (Аляксандр Фаміч) (20.7.1800, С.-Пецярбург — 23.1.1870),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Маскоўскае вучылішча калонаважатых (1817). У 1818—31 на ваен. службе ў Бесарабіі. У 1852—70 дырэктар Аружэйнай палаты. Аўтар рамант. паэм «Уцякач» і «Мурамскія лясы» (абедзве 1831), рамана-падарожжа «Вандроўнік» (ч. 1—3, 1831—32), гіст. раманаў «Кашчэй Бессмяротны» (1833), «Лунацік» (1834), «Святаславіч, варожы гадаванец» (1835) і інш., кн. «Аповесці» (1843), даследаванняў «Нарыс старажытнай гісторыі Бесарабіі» (1828), «Варагі» (1834), «Першабытнае вераванне і будызм» (1864) і інш. У рамане «Саламея» (1846) з эпапеі «Прыгоды, пачэрпнутыя з мора жыццёвага» (кн. 1—4, 1846—63) адлюстраваў працэс нараджэння фантасмагорый у скажоным сац. адносінамі свеце. У творах Вельтмана спалучаюцца фантастыка і рэальнасць, авантурныя і бытавыя элементы; выкарыстоўваецца гратэск, стылізаваная мова.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1979;

Романы. М., 1985;

Сердце и думка. М., 1986.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ста́ўленік, ‑а, м.

Той, хто атрымаў пасаду, месца з дапамогай каго‑н., па пратэкцыі каго‑н. Крушынскі трымае ў руках аўтарытэтных вясковых людзей, мае ў сельсавеце сваіх стаўленікаў, намагаецца падкупіць тых, хто пачынае разумець яго намеры. Гіст. бел. сав. літ. // Неадабр. Той, хто, атрымаўшы ад сваіх гаспадароў пасаду, працу, чын і пад., любымі сродкамі абараняе іх інтарэсы. Іван Новікаў шырока карыстаецца такім выпрабаваным у літаратуры сродкам, як мастацкі гратэск, карыкатура, асабліва ў партрэтнай характарыстыцы гэтых нямецкіх стаўленікаў і паслугачоў. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗЮ́РЭНМАТ ((Dürrenmatt) Фрыдрых) (5.1.1921, г. Кональфінген, Швейцарыя — 14.12.1990),

швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вывучаў філалогію, філасофію і прыродазнаўчыя навукі ва ун-тах Берна і Цюрыха. Дэбютаваў п’есай «Пісанне гаворыць» (1947). Сусветную вядомасць яму прынеслі п’есы «Візіт старой дамы» (1956), «Фізікі» (1962), «Скрыжаванцы» (1967). У прозе вылучаюцца зб. апавяданняў «Горад» (1952), аповесць «Аварыя» (1956), раманы «Суддзя і яго кат» (1950—51), «Абяцанне» (1958). У творах Дз. спалучаюцца абсурд і парадокс, гратэск і ўмоўнасць, камічнае і трагічнае, выкарыстоўваецца дэтэктыўны элемент. Яго п’есы ставіліся ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі («Іграем Стрындберга», 1983, «Фізікі», 1985, «Метэор», 1989), Нац. т-ры імя Я.​Купалы («Ромул Вялікі», 1996). Па матывах п’есы «Візіт старой дамы» С.​Картэс напісаў оперу «Візіт дамы» (паст. ў Нац. т-ры оперы Беларусі ў 1995).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. [Т. 1—2], Киев, 1995.

Літ.:

Павлова Н.С. Ф.​Дюрренматт. М., 1967.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІ́ЦКІ (Дамінік) (4.8.1676, Усх. Беларусь — 10.10.1739),

бел. і польскі пісьменнік. Паходзіў з бел. шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (каля 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіумах Слуцка, Гродна, Мсціслава, Навагрудка. З 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. З 1730 у Нясвіжы. У рукапісных зб-ках Р. (вядомы па публікацыях А.​Брукнера і У.​Ператца, загінулі ў Варшаве ў 1944) акрамя польскіх было 9 бел. вершаваных твораў, напісаных ім, або народных, апрацаваных. У іх праявіліся рысы позняга барока: алегорыя, гратэск, марнасць і хуткаплыннасць жыцця. Адчуваецца арыентацыя на нар. песню. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казанняў, «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).

Літ.:

Возняк М. Із сьпіванника Домініка Рудніцького // Зап. наук. т-ва ім. Шевченко. 1929. Т. 150;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72—78, 116—126;

Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВІН (Барыс Міхайлавіч) (29.6.1914, г. Віцебск — 22.11.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). У 1931—38 працаваў у Віцебскім ТРАМе, БДТ-3, Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай, у 1938—83 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Валодаў майстэрствам стварэння падкрэслена вонкавага малюнка ролі з выкарыстаннем розных камед. сродкаў (гратэск, буфанада і інш.). Найб. значныя ролі ў т-ры імя Я.​Коласа ў нац. драматургіі: Паніч («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.​Вольскага), Рабінін («Святло з Усходу» П.​Глебкі), Дзед («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Альховік («Трывога» А.​Петрашкевіча). Сярод інш. роляў: Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Прапацей і Бабаедаў («Ягор Булычоў і іншыя» і «Ворагі» М.​Горкага), герцаг Албанскі і Кісель («Кароль Лір» і «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Вурм («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Благое («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча) і інш.

Г.​П.​Маркіна.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)