ГЕРА́ЛЬДЫКА (позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),

спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.​А.​Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.​Ф.​Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.​Малецкі, У.​Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.

Літ.:

Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;

Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;

Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Геральдыка. Герб роду Лукашэвічаў з радаводнай справы. 19 ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.

Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.​Скарыне ў Празе (Э.​Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.​Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.​Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.​Жбанаў, А.​Каструкоў), М.​Шагалу ў Віцебску (В.​Магучы; абодва 1997), А.​Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.​Вараб’ёў) і Мінску (Ю.​Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.​Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял. Айч. вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.​Дранец, 1999—2000); бюсты М.​В.​Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.​Агуновіч, 1995), У.​Л.​Бядулі ў г. Камянец (С.​Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.​Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.​Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.​Слабодчыкаў, Г.​Гаравая і інш., 1992) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБО́ЎНІКІ,

зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.​Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЕГІ́РЫК [ад грэч. panēgyrikos (logos) урачыстая прамова],

хвалебная прамова (у гонар якога-н. горада, героя, бога, імператара і г.д.); даўні літ. жанр.

У еўрап. л-ры ўзнік у Грэцыі ў 5 ст. да н.э. Класічную форму набыў у перс. л-ры. У Расіі расквітнеў у 17—18 ст. (оды В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава).

Адзін з першых помнікаў бел. панегірычнай прозы — «Пахвала Вітаўту» (1420-я г.). У 16—17 ст. пашыраны жанр П. — эпікграма, П. на герб пэўнай знатнай асобы (А.​Рымшы на гербы Л.​Сапегі і Ф.​Скуміна; Л.​Мамоніча на герб Сапегі; невядомага аўтара на герб Б.​Агінскага і інш.). З сярэдзіны 17 ст. на Беларусі і Украіне пашырылася дэкламацыя (дэкламацыі Ф.​Утчыцкага, І.​Іяўлевіча, Сімяона Полацкага «Метры», «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку, што ўзяты Дэрпт»), У шырокім сэнсе П. — любы літ. твор хвалебнага характару (напр., П. князям Радзівілам С.​Буднага з нагоды пачатку выдання ў Нясвіжскай друкарні бел. кніг — у яго «Катэхізісе», 1562; верш беларуса Я.​К.​Пашкевіча «Полска квітнет лациною...», 1621, прысвечаны роднаму слову). У 19 ст. ў выніку агульнай дэмакратызацыі л-ры П. як жанр знік. Слова «П.» стала ўжывацца пераважна ў іранічным сэнсе.

Літ.:

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),

сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.​Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш. Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ, філігрань,

бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.

Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш. Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.

У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.

Г.​Я.​Галенчанка, У.​М.​Сацута.

Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.​Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.​Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.​Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.​Казачынскага (1753).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.

Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.​Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.

Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст. мясц. рэзчыкам І.​Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.

С.​Г.​Багласаў, М.​М.​Яніцкая.

Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.​Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.​Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.​Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.​Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.

Літ.:

Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)