ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,

горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст. паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТЭНАНТ ((Butenandt) Адольф Фрыдрых) (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.​Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

А.Ф.Бутэнант.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАС ((Grass) Гюнтэр) (н. 16.10.1927, г. Данцыг, цяпер г. Гданьск, Польшча),

нямецкі пісьменнік. У 1948—49 вучыўся ў Маст. акадэміі ў Дзюсельдорфе, у 1953 — у Ін-це выяўл. мастацтваў (Зах. Берлін). У раманах «Бляшаны барабан» (1959, экранізаваны ў 1979), «Сабачыя гады» (1963), «Пад мясцовым наркозам» (1969), «З дзённіка смаўжа» (1972), «Камбала» (1977), «Пацучыха» (1986), аповесцях «Кошка і мыш» (1961), «Сустрэча ў Тэльгце» (1979) разглядае праблемы пасляваен. рэчаіснасці ў Германіі, асэнсоўвае паходжанне фашызму і інш. таталітарных рэжымаў. Яго творам уласцівы прытчавасць, насычанасць гіст. і міфалагічнымі алюзіямі, спалучэнне сатыры і гратэску з паэтычнасцю. Пісаў п’есы, вершы, літ.-крытычныя артыкулы.

Тв.:

Рус. пер. — Кошки-мышки;

Под местным наркозом;

Встреча в Тельгте. М., 1985;

Из дневника улитки;

Встреча в Тельгте. М., 1993.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫТО́МІР»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка на Пн Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 22,7 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1999), гарадскога 74%. Адм. цэнтр — г. Гданьск. Найб. гарады: Гдыня, Слупск, Сопат. Рэльеф нізінны на ўзбярэжжы Балтыйскага м. і ў межах дэльты р. Вісла (Віслянскія Жулавы), у цэнтр. ч. Кашубскае Паазер’е (выш. да 329 м., г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C да -3 °C, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Вісла (з прытокамі Вда і Вяжыца), Леба, Слупя. Найб. азёры Вдзыдзе і Радунскае. Глебы пераважна падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 30% тэрыторыі (хвоя, елка, бук). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш.-буд. (пераважае суднабудаванне і суднарамонт, радыётэхн., электронная), хім., нафтахім., фармацэўтычная, харч., дрэваапр., лёгкая. Пад с.-г. ўгоддзямі 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, бульбу, цукр. буракі, кармавыя травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Рыбалоўства. Турызм (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова і інш.).

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп.Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛА (Wisła),

самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл. бас. 198,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м. Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.

Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.​М.​Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс. км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс. км² з 13 млн. ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),

бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял. кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.​Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;

Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.

С.​А.​Акуліч, А.​В.​Белы.

Т.Макоўскі Панарама Вільні. 1600.

т. 9, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)