грамадзя́нін, ‑а; мн. ‑дзяне, ‑дзян; м.

1. Чалавек, які адносіцца да пастаяннага насельніцтва краіны, карыстаецца правамі і выконвае абавязкі, устаноўленыя яе канстытуцыяй. Грамадзянін Савецкага Саюза.

2. Высок. Свядомы член грамадства, чалавек, які падпарадкоўвае асабістыя інтарэсы інтарэсам грамадства. Карл Маркс — грамадзянін свету.

3. Дарослы чалавек, мужчына, а таксама форма звароту да яго. — Вам што трэба, грамадзянін? — холадна звярнуўся да .. [фабрыканта] Саламон. Бядуля. [Дзяўчына:] Там адзін грамадзянін просіць прыняць яго без чаргі. Крапіва.

4. Уст. Жыхар горада, гараджанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

род¹, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Асноўная грамадская арганізацыя першабытнаабшчыннага ладу, аб’яднаная сваяцтвам і агульнасцю гаспадаркі.

Старэйшына роду.

2. Рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка, а таксама ўвогуле пакаленне.

Са знатнага роду.

Весці свой р. ад каго-н. (паходзіць ад каго-н.). Родам гараджанін. 3 роду ў р. (з пакалення ў пакаленне). Без роду, без племені (пра чалавека невядомага паходжання; уст.). Ні роду ні племені (пра чалавека адзінокага, без родных; уст.). Гэта ў іх у родзе (па спадчыннасці). Р. чалавечы (людзі).

3. У сістэматыцы жывёл і раслін: група, якая аб’ядноўвае некалькі відаў, што валодаюць агульнымі прыметамі.

Ад (з) роду (разм.) — ад самага нараджэння.

На раду напісана што (разм.) — прадвызначана.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),

гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)