адгукну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Адказаць на зварот; адазвацца. — А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня. — Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь. Чарот. — Габрынька! — Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок. Колас. // Прагучаць, падаць голас у адказ на што‑н. Дзесьці ў канцы вёскі хрыпла заспяваў певень. Яму адгукнуўся другі, трэці. Шамякін. Вясна гукнула, павяла, І адгукнулася дарога. Пысін.
2. перан. Адазвацца якім‑н. чынам на якую‑н. з’яву, падзею, выказаць свае адносіны да яе. [Якаў Гіс:] — Мы [рабочыя] павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю. Гартны. // Паставіцца спачувальна да чаго‑н., падтрымаць. На шырокай плошчы перад вакзалам ішоў мітынг у гонар будаўнікоў-добраахвотнікаў, якія першымі адгукнуліся на заклік камсамола. Асіпенка.
3. перан. Выклікаць якое‑н. пачуццё, адчуванне ў каго‑н. Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Вусыгі. Колас. Хай жа песня ўсюды льецца, У сэрцах вашых адгукнецца. Купала.
4. перан. Адбіцца на кім‑, чым‑н., зрабіць уплыў. Памыліўся ты, і твая памылка рэхам адгукнецца ва ўсім калгасе. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упле́сціся, уплятуся, упляцешся, упляцецца; упляцёмся, уплецяцеся, уплятуцца; пр. уплёўся, уплялася, ‑лося; заг. упляціся; зак.
1. Уставіцца, увіцца ў што‑н. пры заплятанні. / у перан. ужыв. Хай сабе і ўплялася ў валасы сівізна, але адчувала.. [Ганна], што здароўе яе яшчэ не зусім растрачана. Гроднеў. // Сплесціся, пераплесціся пры росце. Сіняя валошка, Травы разрасліся, Палыны на межах Густа ўпляліся. Колас. // Уліцца, уключыцца ў што‑н. А Марыся ветліва, шырока заўсміхалася насустрач.. [Вінцусю] і, выбіваючы такт песні нагой, непрыкметна адклала гітару, радасна замахала рукамі, кіруючы песняй, у якую ўплялося і яшчэ некалькі ціхіх галасоў. Галавач. Я аж вушам сваім не даў веры, калі пачуў аксамітны голас Метлюга. Мне здалося, што ў яго нават упляліся нейкія металічныя ноткі гневу. Сабаленка.
2. Разм. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Дзімка ўплёўся за цешчыну жакетку і памалу пасоўваўся бліжэй да дзвярэй. Капыловіч.
3. Разм. Увязацца за кім‑н. Потым ваўкі ўпляліся следам, загналі яго на грушу-дзічку і завылі жудаснымі галасамі. Наўроцкі. Уплёўся [камарык] за мною, ніяк не адстане. Звініць, нібы сыпле на вочы пясок. Камарык, камарык, навошта старонкі? Найлепшы ў свеце яе галасок... Тармола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тлу́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае шмат тлушчу. Тлустая свініна. □ Зямлянка напоўнілася смачным пахам тлустага баршчу. Шамякін. Магчыма нават, разважаў дзед,.. [Белалобая] таму і дае так многа тлустага малака, што ходзіць асобна, выбірае лепшую траву. Шуцько. // Які атрымаўся ад тлушчу. Тлустая пляма.
2. Тоўсты, укормлены, сыты. Наперад праціснулася Тэкля .. Яе тлусты падбародак затросся. П. Ткачоў. Ля Колі Жураўскага ляжаў добры тузін тлустых акунёў. Курто. Заяц тлусты, але паляжаў цэлы дзень і скура не адстае. Жычка. // Сакавіты, мясісты (пра расліны). Грыбоў — хоць касой насі: на імшарынах — махавікі, .. ваўнянкі і сыраежкі.. А яшчэ лісічкі-драбнухі, а тлустыя казлякі, а яркія падасінавікі на крэпкіх ножках! Лось.
3. перан. Насычаны карыснымі рэчывамі. Запраўленае ў тлустую і пульхную глебу насенне хутка і дружна прарасло. Паслядовіч. / Пра голас. Галасок Зэліка не [гарманіраваў] з яго .. магутнай фігурай. Такі чалавек павінен быў, здаецца, гаварыць тлустым, грудным басам. Бядуля.
4. Тоўсты, з тоўстымі лініямі (пра лініі, друкарскія знакі, літары і пад.). А адну заметку з «Звязды» ўпрыгожвалі нават не рыскі, а тлусты клічнік. Мехаў. «У палоне навуковасці», — прачытаў .. [Рыгор] набраны тлустым шрыфтам загаловак артыкула. Арабей.
•••
Тлусты кусок (кавалак) — тое, што і смачны кусок (кавалак) гл. кусок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)