МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1927—40. Цэнтр — г. Маладзечна. Створаны 1.4.1927 у складзе Віленскага ваяв. Польскай Рэспублікі. Падзяляўся на 8 гмін: Гарадоцкую, Красненскую, Лебедзеўскую, Маладзечанскую, Радашковіцкую (вылучаны з Вілейскага пав.), Беніцкую (з Ашмянскага), Палачанскую (з Валожынскага), Ракаўскую (са Стаўбцоўскага). З 4.12.1939 у Вілейскай вобл. БССР. 15.1.1940 скасаваны.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙЦЫ́Н,

(L-d-амінаізакапронавая кіслата), незаменная амінакіслата, бясколернае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, знаходзіцца ў жывёльных і раслінных бялках. Упершыню вылучаны ў 1820 франц. хімікам А.​Бракано з мышачных валокнаў. Адсутнасць Л. ў стравах вядзе да адмоўнага балансу азоту і спынення росту ў дзяцей. Прэпарат пад назвай «Лейцын» (мае ў сабе Л.) выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́МЕН (Bremen),

зямля (адм. адзінка) на Пн ФРГ. Складаецца з гарадоў Брэмен (адм. ц., пл. 326,7 км²) і Брэмергафен (пл. 77,5 км²), агульная пл. 404 км², нас. 683,1 тыс. чал. (1994). Абкружаны тэрыторыяй зямлі Ніжняя Саксонія, з якой адміністрацыйна вылучаны ў 1949. Рэльеф раўнінны. Клімат марскі. Разнастайная прам-сць цесна звязана з партовай гаспадаркай абодвух гарадоў.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ БРА́ЦКАЯ ЦАРКВА́.

Пабудавана ў 1906 у Брэсце. Мае традыц. чатырохчасткавую падоўжна-восевую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём з 5-купаллем, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Архітэктура храма вытрымана ў формах маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай, 8-гранны ярус-звон, адкрыты арачнымі праёмамі з кілепадобнымі абрамленнямі). Гал. ўваход вылучаны аркадай.

Брэсцкая брацкая царква.

т. 3, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФІ́ТЫ, бісульфіты, гідрагенсульфіты,

кіслыя солі сярністай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны толькі гідрасульфіты шчолачных металаў і амонію (напр., гідрасульфіты калію KHSO3, натрыю NaHSO3). Добра раствараюцца ў вадзе. Аднаўляльнікі, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, раскладаюцца к-тамі з вылучэннем дыаксіду серы. Гідрасульфіты натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, прыродных валокнаў, гідрасульфіты кальцыю — для атрымання цэлюлозы з драўніны (кампанент сульфітнага шчолаку).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎШЧЫНА,

у Каралеўстве Польскім і Рэчы Паспалітай непасрэдныя ўладанні дзяржавы ў асобе манарха. З 15 ст. часта аддаваліся ў трыманне прыватным асобам (дзяржаўцам, старостам, намеснікам, цівунам) як дзяржавы, староствы, а часцей — у заклад (заставу). У канцы 16 ст. некаторыя К. вылучаны для задавальнення патрэб каралеўскага двара і каралеўскага скарбу, яны атрымалі назву эканоміі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МНІЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

група хім. злучэнняў агульнай ф-лы nSiO2∙mH2O з рознымі суадносінамі крэмнію дыаксіду SiO2 і вады; слабыя кіслоты. У свабодным стане вылучаны метакрэмніевая ці крэмніевая H2SiO3(SiO2∙H2O), артакрэмніевая H4SiO4(SiO2∙2H2O), дыметакрэмніевая H2Si2O5(2SiO2∙H2O). Вядомы палікрэмніевыя к-ты. К.к. дрэнна раствараюцца ў вадзе, утвараюць золі (гл. Сілікагель). Солі К.к. — сілікаты пашыраны ў прыродзе.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНІЦЫЛІ́НЫ,

група антыбіётыкаў, якія прадуцыруюцца шматлікімі відамі плесневых грыбоў роду пеніцыл. Комплекс прыродных П. вылучаны ў 1929 А.Флемінгам. П. эфектыўныя супраць шэрагу патагенных мікраарганізмаў: стафілакокаў, стрэптакокаў, пнеўмакокаў, ганакокаў, менінгакокаў, узбуджальнікаў батулізму, сіфілісу і інш. Антымікробная актыўнасць П. абумоўлена прыгнечаннем розных стадый біясінтэзу кампанентаў клетачнай сценкі мікробаў. П. лечаць гнойныя інфекцыі скуры, пнеўманіі, сепсіс, ганарэю, сіфіліс і інш. хваробы.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)