БОРН ((Born) Макс) (11.12.1882, г.Вроцлаў, Польшча — 5.1.1970),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны чл. Расійскай (1924) і АНСССР (1934) і інш. акадэмій. Скончыў Гётынгенскі ун-т. Праф. ун-таў у Берліне і Гётынгене (1915—33), у Кембрыджы і Эдынбургу (1933—53). Навук. працы па дынаміцы крышт. рашоткі, квантавай і кінетычнай тэорый кандэнсаваных газаў і вадкасцяў, атамнай фізіцы і тэорыі адноснасці, філас. праблемах фізікі і тэорыі пазнання. Упершыню (1926) даў імавернасную інтэрпрэтацыю хвалевай функцыі, прапанаваў спосаб разліку электронных абалонак атама, распрацаваў метад рашэння квантава-мех. задач аб сутыкненні часціц, заснаваны на тэорыі ўзбурэнняў (борнаўскае прыбліжэнне), разам з Н.Вінерам увёў у квантавую механіку паняцце аператара. Заснаваў гётынгенскую школу тэарэт. фізікі. Нобелеўская прэмія 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),
рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс.км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял.Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г.Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г.Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),
чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і А.Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.Сервантэса (1868, з К.Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.В.Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.
Літ.:
Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;
Прокофьева Н.А. Творчество К.Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал.паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́РЭР ((Cassirer) Эрнст) (28.7.1874, г.Вроцлаў, Польшча — 13.4.1945),
ням. філосаф, прадстаўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. (1919—33) і рэктар (1930—33) Гамбургскага ун-та. З 1933 у эміграцыі. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гнасеалогіі і філасофіі культуры. У створанай ім тэорыі паняццяў аспрэчваў аб’ектыўны змест навук. абстракцый, сцвярджаў, што існуе адзіны «свет культуры», у якім матэрыяльная рэчаіснасць падпарадкоўваецца шэрагу прынцыпаў «чыстага мыслення»; апошнім надаваў значэнне канстытуцыйных, г.зн. стваральных пачаткаў усяго, што існуе. Адмаўляў аб’ектыўны сэнс катэгорый прасторы і часу, а прычынныя сувязі паміж рэчамі і з’явамі прадстаўляў у якасці функцыянальных залежнасцей. Суб’ектыўныя па сваёй прыродзе стваральныя пачаткі К. называў «сімвалічнымі функцыямі» і ўзводзіў іх на ўзровень вышэйшых каштоўнасцей. Паводле К., чалавек стварае сімвалы, таму навук. і пазнавальная дзейнасць людзей з’яўляецца адной з форм «сімвалічнага мыслення», якое распаўсюджваецца і на інш. «сімвалічныя формы» (мову, міфы, рэлігію, мастацтва, гісторыю, філасофію). Разнастайныя галіны культуры К. разглядаў як самастойныя і незалежныя. Даследаваў філасофію Г.Лейбніца, І.Канта, Р.Дэкарта, філас. ідэі Адраджэння, Асветніцтва і інш. Аўтар прац: «Праблема пазнання ў філасофіі і навуцы новага часу» (т. 1—4, 1906—57), «Філасофія сімвалічных форм» (т. 1—3, 1923—29) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКС (Максімілян Восіпавіч) (19.10. 1816, г. Віцебск — 1893),
мемуарыст, даследчык Сібіры. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1858 выкладаў у гімназіях Смаленска і Масквы. У 1866 за ўдзел у польскай рэв. арг-цыі ў Маскве сасланы ў Сібір на пажыццёвае пасяленне. З 1868 жыў у Енісейску, дзе заснаваў першую сібірскую метэастанцыю. У «Зап. імп. Акадэміі навук» надрукаваў працу «Клімат Енісейска паводле 12-гадовых назіранняў 1871—1883» (1887); у час. «Русская старина» — нататкі пра К.Касовіча (1886), М.Петрашэўскага (1889). Ва ўспамінах пісаў пра Віцебск 1820—30-х г. («Запіскі старога», рукапіс у б-цы АН Украіны ў Львове), прывёў бел. фальклорныя матэрыялы, урыўкі з бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», звесткі пра цікаўнасць да бел. фальклору Э.Плятэр. Аўтар рукапіснага зборніка вершаў на польскай мове (зберагаецца ў б-цы Асалінскіх, Вроцлаў, Польшча). Залаты медаль Рус.геагр.т-ва 1878.
Тв.:
Записки старика: Витебск с 1821 по 1840 гг. // Віцеб. сшытак. 1995—97. № 1—3.
Літ.:
Федосова Т.Ф. Воспоминания Максимилиана Маркса «Записки старика» // Исследования по истории польского общественного движения XIX в. — начала XX в. М., 1971;
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 56—60;
Зайцаў М., Шчарбакоў С. Гістарычныя замалёўкі віцябчаніна // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.—сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,
збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.
Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн.чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс.чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл.Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б.герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.