спаві́ць, спаўю, спаўеш, спаўе; спаўем, спаўяце; пр. спавіў, ‑ла, ‑ло; заг. спаві; зак., каго-што.

1. Загарнуць, укруціць дзіця ў пялёнкі. На руках заплакала дзіця. Жанчына палажыла яго на ложак, хутка і ўвішна спавіла. Дадзіёмаў. // Абматаць чым‑н., загарнуць у што‑н. Спавіла і паволі пачала спускаць труну ў яму тоўстая вяроўка. Васілевіч.

2. Абвіць, аплесці чым‑н.; абхапіць. Спяшаўся прайсці па знаёмай дарожцы, Дзе хаты спавіў неадступлівы хмель. Гаўрусёў. Зверху, з сакавітых і яркіх галін, ападае зрэдку зялёная ігліца, кладзецца на срабрыстае павуцінне, што спавіло сухое голле ля ствалоў. Савіцкі. // перан. Ахутаць, ахінуць, акрыць з усіх бакоў. Пад раніцу волкі туман спавіў густыя кусты, і ўсё патанула ў ім, прыціхла. Асіпенка. Сіняя смуга спавіла прасторы. Дуброўскі. Спавіла вёску вечара ціша: Замоўк і на вуліцы гоман. Чарот. // Ахапіць (пра пачуцці). Раптам страх спавіў дзявочы: Ці застацца, ці ўцякаць? Толькі вочы ў хлопца, вочы Так прывабліва гараць. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)