Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Прапойскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 16—18 ст. З пач. 16 ст. воласцю кіравалі намеснікі, якім звычайна належала і суседняя Чачэрская воласць. Намеснік падпарадкоўваўся віленскаму ваяводу. Паводле адм. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. (ізаляваныя анклавы П.в., верагодна, адносіліся да Аршанскага пав. і Мсціслаўскага ваяв.). У вер. 1772 далучана да Рас. імперыі, неўзабаве падаравана Кацярынай II кн. А.М.Галіцыну, пасля чаго ператварылася ў прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх.ч. сучасных Барысаўскага і паўд.ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.Радзівілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБАША́НСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Любашанскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, са Свіслацкага княства, уключанага ў ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. Да пач. 16 ст. мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв., пазней кіравалася намеснікам (дзяржаўцам) на ўмовах закладу, калі намеснік за пазычаную дзярж. казне суму мог карыстацца даходам з воласці. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка воласці (на левым беразе р. Бярэзіна) увайшла ў Аршанскі павет, невял. частка (на правым беразе) з мяст. Беразіно, сёламі Палажаны і Жорнаўка — у Мінскі павет. У 1775 у склад воласці ўваходзілі 3 мястэчкі і 30 вёсак, 577 дымоў; у 1790—651 дым. У 1793 Л.в. далучана да Рас. імперыі, захавала статус т.зв. старасцінскага дзярж. маёнтка ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш.дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.Б.Гарабурда атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
з 17 ст.Крычаўскае староства, буйны дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, у канцы 15 ст. са складу Мсціслаўскага княства. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу 16—17 ст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзярж. маёнткаў, у выніку чаго тэр. воласці набыла шматковы выгляд. У пач. 17 ст. ўключала каля 40 паселішчаў, якімі валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, і яны фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання. Сярод старостаў прадстаўнікі родаў Саламярэцкіх, Лукомскіх, Мірскіх, Пацаў, Рудамінаў-Дусяцкіх; з сярэдзіны 17 ст. ў валоданні 3 пакаленняў нясвіжскіх Радзівілаў. У К.в. адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—44. У гэты час у воласці было каля 130 паселішчаў, яна падзялялася на 5 войтаўстваў. У 1760 перайшла да магната Е.А.Мнішака. З 1772 у Рас. імперыі. У 1776 перададзена кн. Р.А.Пацёмкіну і канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю — Крычаўскае графства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г.Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г.дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.