По́валак ’след пахучай прынады, пракладзены з мэтай прывабіць звера’ (гродз., Жыв. НС). Бязафікснае ўтварэнне ад павалакці < валакці (гл.): …курыцу ці якую пташку … цягнуў на вяроўцы па сьнезі, рабіў повалак. Потум на гэтум повалаку расстаўлёў петлі ці пасткі (тамсама); параўн. по́валакам ’поцягам, волакам’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

правалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. правалок, ‑лакла, ‑лакло; заг. правалачы; зак., каго-што.

Разм.

1. Працягнуць волакам. [Іван] правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Быкаў.

2. Зацягнуць (нітку ў вушка іголкі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правалачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; зак.

Разм.

1. Працягнуцца волакам, не адрываючыся ад паверхні; правалачыся.

2. Працягацца, прахадзіць доўгі час без толку. [Пацейчык] правалачыўся яшчэ суткі, баючыся і не могучы выбіцца куды хацеў бы. Чорны.

3. за кім. Разм. уст. пагард. Празаляцацца некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́лак ’сухая частка дарогі паміж дзвюма рэкамі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі’ (БРС, КТС); ’вялікі браднік’ (КТС, Шат.); ’невад’ (Бяльк.); ’гужавая лясная дарога; дарога, па якой вазілі (валачылі) таварны лес на рум’ (Яшк.); ’зімняя дарога ў лесе, па якой вывозяць волакам бярвенне’ (Бяльк.); ’рыбацкая сетка — мех’ (З нар. сл.); ’рыбацкая сетка — мех на двух шастах’ (Анік., 59, Янк. I, Крыв.); ’верхні брус будынка, на які накладваюцца кроквы’ (Некр., 219); ’чалавек, які валачэ карабель’ (Др.-Падб.). Рус. во́лок ’сухая частка дарогі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі волакам’; ’гушчар, з якога зрубленае дрэва можна выцягнуць толькі волакам’; ’лясная гужавая дарога’; ’дарога’; ’плыўная сетка — мех’, укр. во́лок ’браднік’; ’вяроўка, з дапамогай якой цягнуць валамі копы сена і г. д.’; ’нерасколаты цурбан, бервяно’, польск. włok ’браднік, невад’, в.-луж. włoka ’шлейф, полаз, башмак плуга; невад’, чэш. vlak ’невад; валакуша; цягнік’, славац. vlak ’цягнік’ балг. влак ’невад’, серб.-харв. vlȃk ’цягнік; невад’, дыял. vlākȁ ’лясная дарога, па якой вывозяць дровы’ (Курціна, Этимология, 1968, 97), славен. vlȃk ’невад’, а таксама vlak, vláka ’шлях, якім перапраўляюць сена, дровы і інш. з гары ў даліну’ (Курціна, там жа). Прасл. volkъ ад *velkti > валачы (гл.) (Фасмер, 1, 341; Махэк₂, 693; Рудніцкі, 1, 468). Роднаснае літ. ãpvalkas ’адзежа, халявы ботаў’, ùžvalkas ’пакрывала’, лат. valks ’спуск вады; скразняк’, uzvalks ’верхняе плацце’, грэч. όλχός ’баразна’, лац. sulcus ’тс’ (Траўтман, 350; Мейе, Études, 223).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

правалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся, ‑лакуцца; пр. правалокся, ‑лаклася, ‑лаклося; заг. правалачыся; зак.

Разм.

1. Працягнуцца волакам, не адрываючыся ад паверхні чаго‑н.; правалачыцца. Кабыла рванулася і паімчала аконама па раллі. Яна гэтак тузанулася ўбок, што аконам.. вышмаргнуў адну лагу з стрэмя і бразнуўся вобземлю. Колькі крокаў ён правалокся за кабылай па раллі, пакуль адарваўся. Чорны.

2. Павольна прайсці, праехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць волакам; паступова перанасіць вялікую колькасць чаго‑н. або ўсё, многае. Перацягаць бярвенне. Перацягаць усе дровы ў павець. // і чаго. Разм. Аднесці, занесці паступова вялікую колькасць чаго‑н. каму‑н. «Ох І зарабляе, кажуць, гэта Піперманіха сёлета! Колькі ёй людзі сала ды круп перацягалі». Крапіва.

2. Паступова выкрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. З пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.

2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.

3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. валок, ‑лакла, ‑лакло; заг. валачы; незак., каго-што.

1. Цягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, валаклі за сабой, прымінаючы траву. Мележ.

2. Несці, везці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Ускрай дарогі Патапчык валок два вялізныя мяхі: адзін ён трымаў перад сабою, а другі за плячамі. Чарнышэвіч. На гасцінцы грукатала, там ішлі машыны з прычэпамі. Аўтакалона валакла лес на сплаў да Віліі. Пташнікаў.

3. Разм. Весці сілком куды‑н. [Дзяўчына] не бачыла, як скруцілі фашысты хлопцу рукі, як білі яго, як валаклі ў гестапа. Васілёнак.

4. Разм. Красці. [Маргун:] Праўда, бралі некаторыя... і з двара валаклі і лес секлі. Крапіва.

•••

Ледзь ногі валачы — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́валачы, ‑лачу, ‑лачаш, ‑лача; ‑лачам, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. вывалак, ‑ла; зак., што.

1. Выцягнуць волакам што‑н. адкуль‑н. Вывалачы лодку з вады на бераг. // Разм. Выцягваючы, выбавіць што‑н., што загрузла, засела. Вывалачы воз з гразі. □ Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. // Вынесці каго‑, што‑н. Яна [цётка Броня] вывалакла на ганак зэдлік, які раней валяўся ў сенцах. Шыловіч. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру, дзе стараста. Быкаў. // Выцягнуць, прымусіць выйсці. Хлопцы амаль сілком вывалаклі мяне з інтэрната на прастор ракі. Сабаленка. [Сцяпан:] — Не мог [Быкоўскі], як трэба, па-хрысціянску — з сватам.. маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Купала.

2. Разм. Украсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.

Аб’ячэйвальныя сеткавыя Р.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыя Р.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. Усмоктвальныя Р.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.

Бел. традыц. Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц. Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.

І.​М.​Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Ват.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Старажня.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)