стракаты верш

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАРКО́ВЫ ВЕРШ,

гл. ў арт. Народнае вершаскладанне.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПЕ́ЎНЫ ВЕРШ,

гл. ў арт. Народнае вершаскладанне.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ВЕРШ,

нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.​Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.​Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.​Танк («Люцыян Таполя») і інш.

І.​Ф.​Штэйнер.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.​Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:

Лілею
     млявы
          плёс
              люляе,
З-пад злежалых
              аблок
                   здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
                  матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы, 
           абмялелы 
                       плёс.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):

Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.

У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,

від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.​Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Люцыян Таполя» М.​Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.​Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.

Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.

Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.​Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)