МАЎР (Янка) (сапр. Фёдараў Іван Міхайлавіч; 10.5.1883, г. Ліепая, Латвія — 3.8.1971),

бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1899 вучыўся ў Панявежскай настаўніцкай семінарыі, адкуль з апошняга курса выключаны за вальнадумства; у 1903 здаў экзамен экстэрнам. У 1903—06 настаўнічаў. У 1906 за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і трапіў пад нагляд паліцыі. З 1911 настаўнічаў у Мінску. У 1920-я г. працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, у рэсп. саюзе работнікаў асветы, Бел. дзярж. выд-ве. Друкаваўся з 1923. Аповесць «Чалавек ідзе!..» (1926—27) пра паходжанне чалавека. Ў апавяданнях «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні» і інш., у прыгодніцкіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928) апавядаў пра экзатычныя краіны свету, антычалавечую сутнасць каланіялізму. Першы ў бел. л-ры прыгодніцкі раман «Амок» (1929) пра паўстанне на Яве, напісаны на матэрыяле, які атрымаў ад сяброў-эсперантыстаў. Тут шмат прыгод, таямнічага, загадкавага, апісана жыццё мясц. насельніцтва, прырода. Гумарам, дынамічнымі дыялогамі, элементамі прыгодніцкага жанру адметная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930, паводле сцэнарыя М. экранізацыя 1935). «Аповесць будучых дзён» (1932) — першая ў бел. л-ры спроба ў жанры сац. утопіі. Аповесць «ТВТ...» (1934) пра цікаўных, дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. У творы паэтызацыя павагі да працы і добрых спраў. Асвойваў навук.-фантастычны і аўтабіягр. жанры. У 1927 апубл. казку «Вандраванне па зорках». Фантаст. аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954—55) прысвечана міжпланетным падарожжам. Сваёй асн. кнігай лічыў аўтабіягр. аповесць «Шлях з цемры» (ч. 1, нап. ў 1920, апубл. 1948, ч. 2 — у 1956, апубл. 1960, ч. 3 — 1957, апубл. 1975), дзе паказаў сваё дзяцінства, вучобу ў рамесным вучылішчы, у настаўніцкай семінарыі, раскрыў дыялектыку душы гал. героя. Глыбокім псіхалагізмам. вызначаюцца яго апавяданні «Бярозавы конь», «Яно», «Шчасце», «Максімка», «Завошта?». Аўтар п’есы «Памылка» (1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Рэдактар кн. «Ніколі не забудзем» (1948) — успамінаў дзяцей пра вайну. На бел. мову пераклаў паасобныя творы Дз.​Маміна-Сібірака, М.​Прышвіна, А.​Чэхава, Х.​К.​Андэрсена, Ж.​Верна, Р.​Кіплінга, М.​Твена і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. З 1993 прысуджаецца Літ. прэмія яго імя за лепшыя творы для дзяцей. Імем М. названа абл. дзіцячая б-ка ў Мінску.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1975—76.

Літ.:

Барсток М.М. Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. Мн., 1958;

Яфімава М. Янка Маўр: (Жыццё і творчасць). Мн., 1960;

Яеж. Цэлы свет — дзецям: Творчы партрэт Янкі Маўра. Мн., 1983;

Яеж. З верай у дзіцячае сэрца. Мн., 1983;

Рунец П. Чалавек з крылатай фантазіяй. Мн., 1979;

Миронов А.Е. Дед Мавр. [2 изд.]. Мн., 1983;

Гурэвіч Э.С. Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1983.

М.​Б.​Яфімава.

Я.​Маўр.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.​Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Спартак» Р.​Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.​Бічэр-Стоу, раманы Ж.​Верна, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.​Перо, братоў Я. і В.​Грым, Х.​К.​Андэрсена, А.​Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.​Ф.​Купера, творы К.​Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.​Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, многія творы М.​Лермантава, М.​Някрасава, М.​Гогаля, У.​Караленкі, А.​Чэхава. Л.​Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.​Радары, польск. педагога Я.​Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Л. і С.​Зізаніяў, Л. і К.​Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909), п’еса-казка К.​Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.​Дубоўка, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.​Трус, А.​Гурло, Я.​Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.​Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.​Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Насцечка» К.​Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.​Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.​Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Броўкі, П.​Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.​Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.​Бялевіча, Э.​Агняцвет і інш., у аповесцях П.​Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.​Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.​Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.​Пальчэўскага, Х.​Жычкі, Я.​Курто, Л.​Прокшы, Д.​Слаўковіча, І.​Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.​Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.​Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.​Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.​Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.​Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.​Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.​Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.​Вольскага, У.​Караткевіча, Я.​Пархуты, А.​Клышкі, У.​Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.​Бандарына, С.​Александровіч, Л.​Арабей, В.​Хомчанка, А.​Лойка), прыгодніцкая (У.​Краўчанка, М.​Ваданосаў, А.​Шашкоў, А.​Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.​Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.​Гамолкі, Р.​Баравіковай, У.​Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.​Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.​Грамовіча, Кавалёва, П.​Рунца, Хомчанкі, У.​Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.​Кобец-Філімонавай, К.​Каліны, Місько, У.​Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.​Гілевіча «Загадкі»; Е.​Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, Н.​Галіноўскай, У.​Карызны, Т.​Кляшторнай, М.​Маляўкі, П.​Сушко, М.​Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.​Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.​Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.​Дзеружынскага, І.​Муравейкі, С.​Грахоўскага, П.​Пранузы, В.​Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.​Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.​Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.​Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.​Зуёнка, «Гуканне вясны» В.​Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.​Макаль, працуюць А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, А.​Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.​Б.​Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)