распаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак., што.
1. Разарваўшы ніткі, распусціць, ліквідаваць (шво, узор і пад.). Распароць аздобную строчку. □ [Хлопец] распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы. Чорны. // Разарваць, разрэзаць на часткі, распусціўшы швы. Распароць старое паліто. □ Вось доктар тонкім бліскучым ножыкам распароў рукаў кашулі дырэктара, агаліў плячо і ўсю правую руку. Нядзведскі.
2. Разарваць, разрэзаць чым‑н. вострым. Я сядзеў побач з .. [Цімохам], латаў валёнак — распароў удзень у лесе. Савіцкі.
3. Нанесці глыбокую рану чым‑н. вострым. Вепр іклом распароў .. [Яўхіму] лытку да самай косткі. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Васілю Міхальчуку распарола асколкам жывот, і пасля шпіталя яго звольнілі з арміі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шэрсць, ‑і, ж.
1. Валасяное покрыва жывёл. Вепр ляжаў на баку, па ягонай мокрай бурай шэрсці поўз дымок. Самуйлёнак. Звер гэты быў незвычайнай велічыні .. Масці ён быў шэрай, шэрсць меў кудлатую і доўгую. Колас. // Валасы на твары, целе чалавека. — Дык што ж гэта?.. — закратаў мяккімі, даўгімі вусамі старшыня і пацёр шэрсць даўно нябрытай барады. Нікановіч.
2. Састрыжанае, вычасанае такое валасяное покрыва жывёл (авечак, коз і пад.). [Гаспадар] добра ведаў, колькі можна ўзяць за карову або за пуд шэрсці ці фунт масла. Чорны.
3. Пража, ніткі з такога валакна. — А якая якасць шэрсці для мінскага трыко? — пытаецца маладзенькая стаханаўка, разглядаючы пражу. «Полымя».
4. Тканіна з такой пражы. Касцюм з шэрсці. // Разм. Адзенне, пашытае з такой тканіны.
•••
Гладзіць па шэрсці гл. гладзіць.
Гладзіць супраць шэрсці гл. гладзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́скачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скочыўшы, пакінуць якое‑н. месца, з’явіцца адкуль‑н., дзе‑н. Выскачыць з акна. □ Да левага берага Дзвіны прычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. Грахоўскі. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рова і ўпаў на снег. Колас.
2. Нечакана выпасці, вылецець. Нітка выскачыла з іголкі. □ Накрыўка ў бойцы выскачыла і ўся смятана вылілася. Якімовіч.
3. Разм. Таропка, хутка выбегчы, выехаць; вылецець. Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку.., і выскачыў за дзверы. Чорны. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Шамякін.
4. перан. Разм. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. Выскачыць са сваёй прапановай.
5. перан. Нечакана ўзнікнуць; вырасці. На правай плоскасці [самалёта] выскачылі языкі полымя. Алешка. Дзе-нідзе ўжо выскачыла першая зялёная траўка. Якімовіч.
•••
Выскачыць замуж — паспешна, неабдумана або вельмі рана пайсці замуж.
Выскачыць (вылецець) кулём (куляю) — імкліва выбегчы, выехаць.
Выскачыць з галавы (з памяці) — тое, што і вылецець з галавы (з памяці) (гл. вылецець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)