Е́ЗВА, Езаўка,
рака ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Грэза (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 126 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Старая Баяршчына. Рэчышча ад вытоку каналізаванае на працягу 14 км. У сярэднім цячэнні і ў нізоўі цячэ па забалочаным лесе.
т. 6, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДЗІ́НАЎКА,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад Быхава, 40 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Быхаў. 697 ж., 298 двароў (1997). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль.
т. 5, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШНЯ,
на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.
т. 1, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ДЧЫЦЫ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Быхаў — в. Новы Быхаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на Пд ад г. Быхаў, 54 км ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Лудчыцы. 626 ж., 240 двароў (1999). Лесапільня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні. Каля вёскі група археал. помнікаў Лудчыцы.
т. 9, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Уладзімір Кірылавіч) (17.3.1919, с. Дальнавідава Арлоўскай вобл., Расія — 24.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з ліп. 1941. Камандзір роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.: рота на чале з ім прарвала абарону каля в. Лудчыцы, авалодала вышынёй, 19 гадзін адбівала атакі праціўніка; загінуў у гэтым баі. Яго барэльеф і імя высечаны на стэле Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні.
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЗА,
рака ў Магілёўскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 51 км. Пл. вадазбору 458 км². Пачынаецца каля паўд.-ўсх. ускраіны в. Загрэззе Магілёўскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прыток Езва (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова парэзаная старымі рэчышчамі і канавамі, шыр. 400—500 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,3 м³/с. Берагі ўмерана стромкія, адкрытыя, пад лугамі. Водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 5, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ПА (Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч
(1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),
удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр. т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ (Лізавета Іванаўна) (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел. нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
т. 12, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)