нямецкі дырыжор. Чл.АМ Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскай вышэйшай муз. школе (1946—48). З 1948 дырыжор оперных т-раў у Гале, Эрфурце, Лейпцыгу. У 1955—72 генерал-музік-дырэктар Дрэздэнскага філарманічнага аркестра, Мекленбургскага т-ра ў Шверыне, т-ра «Комішэопер», з 1970 гал. дырыжор аркестра «Гевандхаўза», з 1991 Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Хары Янаш» З.Кодая, «Рамэо і Юлія» Г.Зутэрмейстара, «З мёртвага дома» Л.Яначака, «Арабела» Р.Штрауса, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Вядомы як інтэрпрэтатар сімфоній Л.Бетховена, А.Брукнера, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага. Нац. прэміі ГДР 1970, 1982. Прэмія імя Шумана 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ МЫШ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац. т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт·гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДА (Canada),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр.К насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн. т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт·гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн. т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальекая газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэп, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Мапро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Эгвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклср, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліяг-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акг пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкгу, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.