ЖУКО́ЎСКІ (Барыс Елісеевіч) (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага (1936) і «Банкір» А.Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фабрыка́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Капіталіст — уладальнік фабрыкі (у 1 знач.). Цар і царскія міністры, фабрыкант, банкір і пан Забіралі ўсё дачыста У рабочых і сялян. Грахоўскі.

2. перан.; чаго. Іран. Той, хто фабрыкуе што‑н.; стваральнік і распаўсюджвальнік чаго‑н. Фабрыкант маны і розных чутак.

[Лац. fabricans, fabricantis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЛІЁХ (Іван Станіслававіч) (24.7.1836—25.12.1901),

вучоны-эканаміст, статыстык, фінансіст. Сын польскага фабрыканта. Варшаўскі банкір, заснавальнік і старшыня праўлення акц. т-ваў Кіева-Брэсцкай, Лібаўскай, Лодзінскай чыгунак. Працамі «Рускія чыгункі...» (1875) і «Уплыў рускіх чыгунак на эканамічны стан Расіі» (т. 1—5, 1878) паклаў пачатак развіццю чыг. статыстыкі. Аўтар прац па эканам. гісторыі, эканоміцы прам-сці і сельскай гаспадаркі Расіі: «Фабрычная прамысловасць Царства Польскага 1871—1880» (Варшава, 1881—84); «Фінансы Расіі XIX стагоддзя» (т. 1—4, СПб., 1882); «Меліярацыйны крэдыт і стан сельскай гаспадаркі ў Расіі і замежных краінах» (СПб., 1890), «Зямля і яе запазычанасць у Царстве Польскім» (Варшава, 1892), «Эканоміка-статыстычныя працы 1875—1900 гг.» (Парыж, 1900); «Параўнанне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту губерняў заходніх, вялікарасійскіх і ўсходніх» (т. 1—5, з атласам, СПб., 1901). У яго працах шмат звестак пра Беларусь.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.

2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.

3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Спецыяліст па вядзенню фінансавых аперацый. Рахункавод у сельскагаспадарчай арцелі — люстра, фінансіст, кантроль! «Беларусь». // Спецыяліст у галіне фінансавых навук. І здзіўляўся стары фінансіст (ён так называў сваю прафесію), нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын.. смяецца з яго прапановы. Брыль.

2. Уладальнік фінансаў, капіталаў; капіталіст, банкір. Там у гасцінай сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома,.. яго поўная млявая жонка,.. важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна, — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),

расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.

Літ.:

Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.

А.Л.Нікіцін.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)