прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,
мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВАР ((Bolívar) Сімон) (24.7.1783, г. Каракас, Венесуэла — 17.12.1830),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы, ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. Амерыкі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. Актыўна ўдзельнічаў у звяржэнні ісп. панавання ў Венесуэле (1810) і абвяшчэнні яе рэспублікай (1811). Пасля яе разгрому стварыў у жн. 1813 2-ю Венесуэльскую Рэспубліку. У 1814 пацярпеў паражэнне і пакінуў радзіму. У 1815 надрукаваў «Ліст з Ямайкі» — праграму вызвалення Лац. Амерыкі і стварэння незалежных лацінаамер. дзяржаў. У 1816 вярнуўся ў Венесуэлу. Адмена рабства (1816) і дэкрэт пра надзяленне салдатаў вызв. арміі зямлёй (1817) забяспечылі яму падтрымку шырокіх масаў. У 1819 аб’яднаў Новую Гранаду і Венесуэлу ў федэрацыю Вялікая Калумбія і стаў яе прэзідэнтам. У 1822 далучыў правінцыю Кіта (сучасны Эквадор), у 1824 вызваліў Перу, у 1825 узначаліў рэспубліку ў Верхнім Перу, якую ў яго гонар назвалі Балівіяй. У 1826 распрацаваў Канстытуцыю для Балівіі. Прыхільнік ідэі стварэння Вялікай Федэрацыі лацінаамер. дзяржаў, якую не здолеў рэалізаваць на кангрэсе ў Панаме (1826). Сепаратысцкія выступленні прывялі да звяржэння ўлады Балівара ў Перу і Балівіі. На пач. 1830 пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАРО́ТЫ СО́НЦА»,
помнік архітэктуры стараж.-індзейскай цывілізацыі. Знаходзяцца ў Балівіі, на паўд.-ўсх. беразе воз. Тытыкака на гарадзішчы Тыяуанака. Уваходзілі ў храмавы комплекс Каласасая (пл. каля 135 × 130 м). Высечаны ў 8 ст. з вялізнай каменнай пліты (выш. 2,7 м, шыр. 3,8 м). У верхняй частцы — шырокі барэльефны пояс з выявамі кондараў, міфал. істот і сімвалаў; у цэнтры пояса — чалавекападобная выява, якая ўвасобіла, на думку навукоўцаў, Віракочу — вярхоўнае бажаство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТАВЫЯ РУ́ДЫ,
мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЧУА, кічуа, кешуа,
сучасны індзейскі народ у Паўд. Амерыцы. Складае значную ч. насельніцтва Перу (7,7 млн.чал.), Эквадора (4,3 млн.чал.), Балівіі (2,47 млн.чал.). К. жывуць таксама на ПнЗ Аргенціны, Пн Чылі, Пд Калумбіі; агульная колькасць 10—13 млн.чал. (1990-я г.). Нашчадкі стараж.інкаў. Мова — кечуа (у Перу з 1975 афіц. мова разам з іспанскай). Паводле веравызнання пераважна католікі. Займаюцца земляробствам, рамяством.
Літ.:
Зубрицкий Ю.А. Инки-кечуа: Основные этапы истории народа. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІ (Beni),
рака ў Паўд. Амерыцы, у Балівіі, адзін з вытокаў р. Мадэйра (сістэма Амазонкі). Даўж. каля 1500 км, пл.бас. 850 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Кардыльеры-Рэаль (Цэнтр. Анды), перасякае высокія плато і хрыбты ў глыбокіх цяснінах з парогамі і вадаспадамі, у нізоўях па паўд.-зах. ускраіне Амазонскай нізіны ўтварае шмат меандраў. Буйны левы прыток Мадрэдэ-Дзьёс. Паводка са снеж. да мая. Сярэдні расход вады 6200 м³/с. Суднаходства ад. г. Рурэнабаке да вадаспадаў Эсперанса (29 км вышэй вусця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч.Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.