АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.

Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.​Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.​Лока і А.​Сміта. Супраць яе выступаў Г.​Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.​Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.​Цэніс, Г.​Фраер, Г.​Маркузе, Э.​Фром, М.​Хоркхаймер і інш.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЛІ́КТ (ад лац. conflictus сутыкненне),

процідзеянне, сутыкненне процілеглых інтарэсаў, поглядаў, сіл. Тэорыя К. ўпершыню грунтоўна распрацавана Г.​Гегелем, паводле якога «процілегласць, якая існуе ў сітуацыі», стварае магчымасць і неабходнасць проціборства. У залежнасці ад аб’екта адрозніваюць К. эканамічны, палітычны, сацыяльны, сямейна-бытавы, рэлігійны, ідэалагічны і інш. У залежнасці ад суб’екта К. падзяляюць на ўнутрыасабовыя, унутрыгрупавыя, міжасабовыя, паміж асобай і групай, міжгрупавыя, міждзяржаўныя (міжнародныя). Паводле маштабаў распаўсюджання бываюць лакальныя, рэгіянальныя, краінныя (у межах адной краіны), міждзяржаўныя, глабальныя. У залежнасці ад вызначальнай функцыі вылучаюць К. дэструктыўныя (вядуць да зніжэння эфектыўнасці адпаведнай сац. сістэмы, супольнасці, арганізацыі або да яе разбурэння) і К. канструктыўныя (маюць вынікам устараненне недахопаў у функцыянаванні сац. сістэмы, групы, арг-цыі). Калі канфліктнае проціборства вядзецца ў межах сац. ін-таў, якія дзейнічаюць у пэўным грамадстве, К. з’яўляецца інстытуцыянальным; калі проціборства разыходзіцца з існуючай у краіне сістэмай сац. ін-таў, каштоўнасцей і норм, К. — пазаінстытуцыянальны (напр., дзярж. пераварот, путч). К. могуць быць аганістычныя (прымірымыя) і антаганістычныя (непрымірымыя), адкрытыя (яўныя) і скрытыя (латэнтныя) і інш. Важнае значэнне маюць спосабы вырашэння і ўрэгулявання К. (перагаворы, кампрамісы, зварот у суд, пошук узаемных ці агульных інтарэсаў бакоў і інш.).

Літ.:

Запрудский Ю.Г. Социальный конфликт (политологический анализ). Ростов н/Д, 1992;

Здравомыслов А.Г. Социология конфликта. 2 изд. М., 1995;

Шейнов В.П. Конфликты в нашей жизни и их разрешение. Мн., 1996;

Бабосов Е.М. Основы конфликтологии. Мн., 1997.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ ТЭО́РЫЯ,

назва шэрагу сацыяльна-гіст. канцэпцый развіцця, паводле якіх грамадства разглядаецца як цэласны арганізм, у якім гарманічна ўзаемадзейнічаюць яго элементы. У аснову тэорыі пакладзены прынцып раўнавагі, характэрны для прыродазнаўства. Р.т. сфармулявана ў 17 ст. ў працах Б.​Спінозы, Т.​Гобса і Г.​В.​Лейбніца, якія разглядалі сац. працэсы з пазіцый механіст. прыродазнаўства і тлумачылі праблемы развіцця грамадства як пошук раўнавагі паміж рознымі часткамі сац. сістэмы. У 18 ст. яе развіваў франц. сацыяліст-утапіст Ф.М.​Ш.​Фур’е, які прапанаваў праект пабудовы грамадства, заснаваны на раўнавазе чалавечых пачуццяў. У 19 ст. Р.т. распрацоўваў заснавальнік пазітывізму А.​Конт, які выступаў за пераадольванне канфліктаў паміж «парадкам» і прагрэсам, рэстаўратарскімі і рэв. тэндэнцыямі, вынікам чаго з’яўляецца «прагрэс дзеля парадку». У 20 ст. Р.т. развівалі рас. вучоныя А.​А.​Багданаў (трактаваў раўнавагу ў грамадстве як адсутнасць сац. супярэчнасцей) і М.​А.​Бухарын (прапанаваў канцэпцыю «рухомай раўнавагі»). У 1930-я г. італьян. сацыёлаг В.​Парэта сфармуляваў прынцып, паводле якога парушэнне раўнавагі аднаго элемента сац. сістэмы прыводзіць да змены ў інш. частках, пакуль не адновіцца «дынамічная раўнавага». Р.т. паслужыла асновай для тэорыі сац. абмену (П.​Блау, Дж.​Хоманс). Мадыфікаваны варыянт Р.т. — структурны функцыяналізм (гл. Структурна-функцыянальны аналіз), які лічыць асновай сац. раўнавагі супадзенне, узаемадапаўняльнасць чаканняў розных індывідаў і груп, абумоўленыя агульнымі сацыякульт. і рэліг. каштоўнасцямі (Т.​Парсанс, Р.​К.​Мертан).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.​Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.

Тв.:

Рус. пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;

Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;

Почему я не христианин. М., 1958;

История западной философии. М., 1959.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,

паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д. Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЭ́БНАСЦЬ,

стан узаемадзеянняў суб’екта (асобы, сац. групы, грамадства) з аб’ектыўнымі ўмовамі яго існавання, якія ён зазнае пры патрэбе ў чым-небудзь неабходным для падтрымкі жыццядзейнасці і ў якасці стымулу актыўнасці. Да П. адносіцца не толькі тое, што прыносіць карысць, неабходна для жыцця, але і рэальныя запатрабаванні на прадметы, што могуць быць шкоднымі для здароўя і сац. статусу, але выкарыстоўваюцца людзьмі ў сілу звычак, традыцый і задавальнення (курэнне, ужыванне алкаголю, наркотыкаў і інш.). Працэс задавальнення, рэалізацыі П. ўяўляецца як мэтасэнсавая дзейнасць чалавека, што праходзіць у пэўных сац. адносінах і ў пэўных сац.-эканам., паліт. і культурных умовах. П. асобы і групы апасродкаваны працэсам выхавання.

П. складаюць адзіную цэласную сістэму і падзяляюцца на біял. (абумоўленыя абменам рэчываў) і сац. (абумоўленыя грамадскай сутнасцю чалавека), на ўсвядомленыя і неўсвядомленыя, матэрыяльныя і духоўныя, індывід. і групавыя, рацыянальныя і нерацыянальныя, бягучыя і чакаемыя, рэальныя і ідэальныя, узвышаныя і нізкія, жыццёва важныя і другарадныя, самадастатковыя і прэстыжныя, элементарныя і складаныя, насычаныя (маюць выразныя межы) і ненасычаныя (не маюць межаў; напр., веды). У адпаведнасці са сферай дзейнасці вылучаюць таксама П. працы. пазнання, веры, зносін, сексу, адпачынку; паводле функцыянальнай іх ролі — дамінуючыя і перыферыйныя, устойлівыя і сітуатыўныя; паводле аб’ектаў дзейнасці — індывід., групавыя, калект., грамадскія.

П. дэтэрмінуюцца генетыка-біял. фактарамі, сац.-эканам. і сацыякульт. ўмовамі існавання людзей, характарам і зместам іх дзейнасці, іх узроўнем сацыякульт. развіцця і менталітэтам. Індывідуальна і суб’ектыўна П. перажываюцца ў форме пачуццёва-эматыўна афарбаваных жаданняў і імкненняў. Іх рэалізацыя дыферэнцыруецца ў залежнасці ад каштоўнасных арыентацый і жыццёвых дыспазіцый асобы ў карэляцыі з яе індывід. вопытам, спосабамі рэфлексіўнага асэнсавання свайго жыццёвага шляху, быцця інш. людзей, сац. адносін і сац. дзейнасці.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАТУ́РА,

1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.

2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.

Літ.:

Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;

Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;

Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);

Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.​Спінозы, Вальтэра, Д.​Дзідро, Г.​Гегеля, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.​Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.​Гусоўскі, М.​Цішкевіч, Ф.​Скарына, А.​Волан, С.​Будны, С.​Лован, С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.​Нарбут, Г.​Каніскі, К.​Каліноўскі, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)