wilczur

м.

1. разм. нямецкая аўчарка;

2. воўк; ваўчуга

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

шчэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Скаліць, аскальваць. Гаспадар спачувальна шчэрыць рот. Савіцкі. Аўчарка гыркала, шчэрыла зубы, рвалася да дрэва. Шыловіч. / у перан. ужыв. Стаю І на мяне падлога шчэрыць Крывыя, праржавелыя цвікі. Бураўкін.

•••

Шчэрыць зубы — тое, што і скаліць зубы (гл. скаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разго́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.

2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.

3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падняцца тарчма, наставіцца (пра поўсць, шчацінне, пер’е і пад.). Аўчарка загыр[к]ала, поўсць на хібе натапырылася, заварушылася. Шахавец. Агнёў маўчаў.. Густыя бровы яшчэ больш натапырыліся, вусны моцна сціснуліся, а вочы патухлі. Асіпенка. // Падняць тарчма на сабе поўсць, пер’е і пад., рыхтуючыся да абароны ці нападу. Дзеці кінуліся за ім, паспрабавалі маніць яго.. [з-пад століка], але кацянё натапырылася, зафыркала і выйсці не жадала. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Уздуцца, прыўзняцца. Плашч натапырыўся. □ На грудзях прасціна натапырылася — там былі.. рукі [мужа]. Васілёнак.

3. перан. Надзьмуцца, прыняць ваяўнічы выгляд; ускіпець, раззлавацца. [Ходас:] — Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца? — А што? — адразу натапырыўся Славік. Шамякін. Старога як апяклі яго словы. Ён натапырыўся, пеўнем падскочыў да танкіста. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабака, пёс / вартавы: аўчарка / паляўнічы: ганчак, ваўкадаў; цюлік, барбос (разм.) / дваровы: дварняк (разм.) / з кароткім ці ўрэзаным хвастом: курта (разм.); ваўкарэз (абл.); цюця, цюцька (дзіц.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Байра́к 1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к 2.

Байра́к 2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к 1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к 3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к 3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к 1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к 4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к 5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к 3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.

2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.

3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)