КОРБ ((Korb) Іаган Георг) (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),
дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш. бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.
В.П.Грыцкевіч.
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).
т. 2, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.
Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).
т. 11, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Валерый Паўлавіч) (н. 12.10.1950, г. Ашмяны Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1991 у Ін-це радыяцыйных фіз.-хім. праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмамеханіцы гетэрагенных сістэм і рэактарабудаванні. Распрацаваў фіз.-матэм. асновы праектавання ядз. рэактараў з мікрацеплавылучальнымі элементамі. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму інфрачырв. выпрамянення для лакальнага забеспячэння тэмпературных умоў у аптычнай і радыёэлектроннай вытв-сці.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.
Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).
А.М.Булыка.
т. 2, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана на тэр. б. Віленскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Вілейка. Уключала 7 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі. Пл. 20,7 тыс. км², нас. 938,3 тыс. Чал. (1941). 15.1.1940 паветы скасаваны, вобласць падзелена на 22 раёны [Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Гадуцішкаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі (Мёрскі), Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Свянцянскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі]; уключала 9 гарадоў (Ашмяны, Вілейка, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Маладзечна, Паставы, Свянцяны, Смаргонь), 4 гар. пасёлкі (Браслаў, Відзы, Дунілавічы, Радашковічы). Абл. газ. «Сялянская газета». 20.9.1944 Вілейская вобласць перайменавана ў Маладзечанскую вобласць.
т. 4, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
В.Ф.Вінакураў.
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.
В.Ф.Вінакураў.
т. 11, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й імя Ф.К.Багушэвіча.
Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабы нар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс. экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.
т. 2, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)