рыхлая дробнаабломкавая асадкавая горная парода, паводле саставу прамежкавая паміж пяскамі і глінамі (пыл, глей, лёс і лёсападобныя пароды). Складаецца пераважна з мінер. зярнят (кварц, палявы шпат, слюда і інш.) памерам 0,01—0,1 мм. У залежнасці ад пераважных памераў вылучаюць буйна- і дробнаалеўрытавыя (тонкаалеўрытавыя) рознасці. Алеўрыт выкарыстоўваюць у вытв-сці цэменту і буд. керамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),
Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
глі́на, ‑ы, ж.
Асадкавая горная парода, вязкая ў вільготным стане, якая ляжыць на паверхні зямлі або пад глебай (скарыстоўваецца для ганчарных вырабаў, будаўнічых і скульптурных работ).
•••
Белая гліна — тое, што і каалін.
Змяняць гаршкі на глінугл. змяняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРГІЛІ́Т (ад грэч. argillos гліна + ...літ),
асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
я́шма, ‑ы, ж.
Горная асадкавая парода розных колераў, якая складаецца з дробных зерняў кварцу і халцэдону (выкарыстоўваецца як дэкаратыўны камень і для прыгатавання мастацкіх вырабаў). Стары спусціўся ў падзямелле і вынес адтуль невялічкую скрынку. Са скрынкі выняў малюсенькую шкатулку з яшмы.«Маладосць».
[Араб.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ме́ргель ’асадкавая горная парода (з гліністых мінералаў, кальцыту і даламіту)’, слаўг.мэргель, мэрге́ль ’тс’ (ТСБМ, Яшк.), мергелява́ць запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 82), у якой з новав.-ням.Mergel ’тс’ < с.-в.-ням.mẹrgil, с.-н.-ням.mergel з с.-лац.margila < лац.marga ’тс’ з кельц. моў, параўн. брэт.marg, уэльск.marl (Клюге₁₂, 387; Вальдэ, 369; Фасмер, 2, 600).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. accumulatio намнажэнне, збіранне) у геалогіі, працэс намнажэння на паверхні сушы ці на дне воднага басейна рыхлых мінер. і арган. асадкаў. Вобласць акумуляцыі — пераважна паніжаныя прасторы тэктанічнага і дэнудацыйнага паходжання. Існуюць 2 асн. Тыпы акумуляцыі: вулканічная і асадкавая (гл.Седыментацыя, Намнажэнне асадкаў). У залежнасці ад геал. фактараў адрозніваюць акумуляцыю наземную і падводную. У выніку акумуляцыі ўтвараюцца вулканічныя горныя пароды і разнастайныя формы акумуляцыйнага рэльефу, паклады многіх відаў карысных выкапняў, на Беларусі, напр., торфу, сапрапеляў, вапняку, калійных соляў, галіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),
зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,
асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.