НАФТАЛІ́Н,
кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл. Араматычныя злучэнні).
Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фені́л
(ад гр. phaino = асвятляю)
араматычны вуглевадарод, бясколернае крышталічнае рэчыва, якое ўваходзіць у склад каменнавугальнай смалы; выкарыстоўваецца як цепланосьбіт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
хлорбензо́л
(ад хлор + бензол)
арганічнае злучэнне, араматычны галагеназмяшчальны вуглевадарод, бясколерная вадкасць; выкарыстоўваецца як растваральнік, пры вырабе некаторых лакаў, фарбавальнікаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ізапрапілбензо́л
(ад іза- + прапіл + бензол)
араматычны вуглевадарод, бясколерная вадкасць з пахам бензолу; выкарыстоўваецца ў вытворчасці фенолу, ацэтону, як растваральнік для лакаў і фарбаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],
тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).
Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 10, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.
Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙104, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш. арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)