нарко́з

(фр. narcose, ад гр. narke = аняменне)

штучна выкліканы стан з поўнай або частковай стратай прытомнасці і болевай адчувальнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НАРКАМА́НІЯ (ад грэч. narkē здранцвенне, аняменне + манія),

хвароба, якую выклікае сістэматычнае ўжыванне наркатычных сродкаў. На ўжыванне наркатычных сродкаў (наркотыкаў) уплываюць псіхал. асаблівасці чалавека (нізкая самаацэнка, псіхічныя захворванні), проціпраўная дзейнасць і інш. Асабліва схільныя да Н. падлеткі і маладыя людзі. Наркаманы (людзі, якія ўжываюць наркотыкі) адмежаваны ад рэальнага свету, трацяць пачуццё адказнасці і абавязку, хлуслівыя, эгаістычныя, схільныя да антысац. паводзін (рабаванне, насілле і інш.). Дзеці наркаманаў нярэдка нараджаюцца з фіз. і псіхічнымі дэфектамі і расстройствамі. Пры Н. існуе вял. небяспека заражэння рознымі формамі гепатыту, СНІДам. Скарачэнню жыцця наркаманаў садзейнічае перадазіроўка, септычныя ўскладненні, спробы да самагубства і інш. Пры Н. расстройваецца абмен рэчываў у арганізме, дзейнасць стрававальна-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм.

Адрозніваюць 3 стадыі Н.: адаптацыя, абстынентныя з’явы і знясіленне. У хворых на Н. выяўляецца вял. наркаманічны сіндром, які складаецца са змененай рэактыўнасці, псіхічнай і фіз. залежнасцей. Аднаразовае ўжыванне наркотыкаў выклікае эйфарыю. Псіхічная залежнасць характарызуецца пастаяннымі думкамі аб скарыстанні наркотыку, інакш узнікае стан незадаволенасці, прыгнечанасці, раздражняльнасці; назіраецца на ранніх этапах сістэм. ўжывання наркотыку. Фіз. залежнасць праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыку, развіццём сіндрому пазбаўлення (абстыненцыі), калі перапынак у прыёме наркотыку выклікае расстройствы фіз. і псіхічных функцый. Лячэнне ў спец. лячэбных установах у залежнасці ад наркатычнага сродку.

Літ.:

Пятницкая И.Н. Наркомании: (Руководство для врачей). М., 1994;

Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994.

А.І.Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.

2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цішыня, ціша, ціш, спакой, супакой, спакойлівасць, бязгучнасць; ціхата, сціхота, сцішанасць, сцішак (разм.); глухата, глуш, глухмень, глушыня, зняменне, аняменне, знямеласць, немасць, немата, нямота, сон, дрымота, дрэма, маўклівасць, бязмоўе (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)