палеаантрапало́гія

(ад палеа- + антрапалогія)

раздзел антрапалогіі, які вывучае выкапнёвыя рэшткі чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.​Ф.​Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.

Літ.:

Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;

Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА (Matiegka) Індржык (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.​Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЙЛАР, Тэйлар (Tylor) Эдуард Бернет (2.10.1832, Лондан — 2.1.1917), англійскі этнограф, даследчык першабытнай культуры. З 1833 хавальнік этнагр. музея Оксфардскага ун-та, з 1896 праф. у ім. Даследаваў гісторыю культуры, найб. ўвагу аддаваў гісторыі духоўнай культуры, асабліва рэлігіі. Асн. працы — «Першабытная культура» (т. 1—2, 1871) і «Антрапалогія» (1881). Стварыў анімістычную тэорыю паходжання рэлігіі, якая доўгі час была пануючай у навуцы; рэлігію разумеў як з’яву індывід. псіхалогіі, а не як факт грамадскай свядомасці (гл. Анімізм). У даследаваннях т. зв. перажыткаў выявіў гіст. карані шматлікіх звычаяў і абрадаў. Разам з Г.Спенсерам заснаваў эвалюц. школу ў гісторыі культуры і этнаграфіі.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНЦ Аляксандр Карлавіч (17.5.1882, Пецярбург — 16.6.1952),

бел. антраполаг і псіхіятр. Д-р мед. н., праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907) і Ваенна-мед. акадэмію (1913). З 1923 у БДУ; нам. дырэктара псіхіятрычнай клінікі і кабінета па вывучэнні злачыннасці. З 1926 старшыня антрапалаг. камісіі Інбелкульта (пазней кафедра антрапалогіі АН БССР). З 1930 заг. кафедры псіхіятрыі Мінскага мед. ін-та. З 1934 у Ленінградзе. Арганізатар першых экспедыцый па шырокім антрапалаг. вывучэнні беларусаў, займаўся псіхіятрыяй і крымінальнай псіхіятрыяй.

Тв.:

Высшая рефлекторная деятельность при прогрессивном параличе. Мн., 1928;

Матэрыялы да арганізацыі антрапалагічных даследаванняў на Беларусі // Зб. артыкулаў: Этнаграфія. Антрапалогія. Псіхалогія, псіхатэхніка і навук. арганізацыя працы. Гісторыя мастацтва. Мн., 1928;

Антропологічні досліди на Білорусі // Антропологія. Річник Кабінету Антропології, 1928. Київ, 1929.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЛАСНАСЦЬ,

абагульненая ўласцівасць аб’ектаў, што маюць складаную ўнутр. будову, якая характарызуецца адзінствам і ўзаемаабумоўленасцю іх частак. У залежнасці ад характару ўзаемасувязі частак вылучаюць структурны, функцыян., генет. тыпы Ц. У адрозненне ад адытыўнасці інтэгратыўныя якасці, што складаюць спецыфіку Ц., прынцыпова новыя ў параўнанні з уласцівасцямі ч. аб’екта і не зводзяцца да апошніх. Паняцце «Ц» адлюстроўвае ўнутр. інтэграванасць і самадастатковасць сістэмы, паказвае недастатковасць тлумачэння яе функцыянавання і развіцця на падставе толькі вонкавых пабуджальных прычын. Спасціжэнне Ц. аб’екта дазваляе выявіць унутр. заканамернасці, якія абумоўліваюць яго якасную своеасаблівасць. Характэрная асаблівасць вышэйшых форм Ц. (біял., сац.) — самаразвіццё і самаўзнаўленне частак. На станаўленне ўяўленняў аб Ц. паўплывалі гештальтпсіхалогія, культ. антрапалогія, сінт. тэорыя эвалюцыі. Паняцце «Ц.» выступае зыходным пунктам сістэмнага падыходу. Гл. таксама Частка і цэлае.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ Іван Іванавіч (н. 3.4.1937, в. Дамашы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1960). У 1959—60 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, Бел. Энцыклапедыі. Быў супрацоўнікам Сакратарыята ААН, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. У 1977—87 на парт. рабоце, з 1987 прарэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, у 1990—91 сакратар ЦК Кампартыі РСФСР. У 1993—95 дырэктар Бел. ін-та навук.-тэхн. інфармацыі і прагнозу. З 1995 нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы гісторыі сац. філасофіі, сацыялогіі, тэорыі палітыкі. Аўтар прац «Сучасная «філасофская антрапалогія» (1970), «Сацыяльнае развіццё і праблема прагрэсу» (1977), «Буржуазная сацыялагічная тэорыя» (ч. 1—2, 1980—81), «Сучасны капіталізм: Сацыядынаміка ўлады» (1990), «Сацыядынаміка ідэалогій» (1995) і інш.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч. г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім. вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІВО́Н Інеса Іванаўна (н. 24.12.1937, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. антраполаг. Канд. гіст. н. (1970). Д-р біял. н. (1996). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Вывучае асн. заканамернасці фарміравання фіз. тыпу стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі ў святле этнагенетычных умоў. У выніку даследавання могільнікаў 18 — пач. 19 ст. ёй складзена буйная краніялагічная калекцыя па бел. насельніцтве. Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі» (1976, з Л.​І.​Цягака, А.​І.​Мікулічам), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978, з імі ж), «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Цягака), «Асновы антрапалогіі і экалогіі чалавека» (1997, з ёй жа) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за цыкл прац па антрапалогіі «Чалавек і яго біякультурная адаптацыя».

Тв.:

Фізічны тып беларусаў: Узроставая тыпал. і экал. зменлівасць. Мн., 1994.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)