аперэ́тачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да аперэты, звязаны з аперэтай. Аперэтачны акцёр. Аперэтачнае амплуа.
2. Які нагадвае тое, што бывае ў аперэце; такі, да якога нельга ставіцца сур’ёзна. Аперэтачныя прыгоды. Аперэтачнае адзенне. □ Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, ..[студэнты] вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАЦЬЁ ((Mathieu) Мірэй) (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),
французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.Марыа, Ф.Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.
Літ.:
Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.
т. 10, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
травесці́
(фр. travesti)
тэатр. сцэнічнае амплуа, мужчынская або дзіцячая роля, якая выконваецца пераадзетай жанчынай, радзей — жаночая роля, якая выконваецца мужчынам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгрыд) (29.8.1915, Стакгольм — 29.8.1982),
шведская актрыса. Вучылася ў школе пры Драм. т-ры ў Стакгольме. У кіно здымалася з 1934. Актрыса шматграннага таленту, разнастайных амплуа, пераймала ў сваёй творчасці розныя стылі і творчыя манеры, спецыфіку розных нац. школ. Сусв. прызнанне атрымала пасля здымак у стужках «Газавае святло» (1944, прэмія «Оскар»), «Анастасія» (1956, прэмія «Оскар»), «Зачараваны», «Дрэнная слава» ў ЗША; «Стромбалі, зямля божая» (1950), «Еўропа-51» (1951) у Італіі, «Алена і мужчыны» (1956) у Францыі, «Жоўты ролс-ройс» (1965), «Кветка кактуса» ў Вялікабрытаніі, а таксама ў фільмах «Сведэнх’ельмы» (1935), «Забойства ва Усходнім экспрэсе» (1975, прэмія «Оскар»), «Восеньская саната». Аўтар кн. «Мая гісторыя» (1980, з А.Бургес).
т. 3, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),
бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.В.Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.Чыркуна).
А.Я.Ракава.
т. 8, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.
т. 6, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАВО́Й (Васіль Сямёнавіч) (н. 16.1. 1934, Масква),
расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).
Літ.:
Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД у мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, якая з’яўляецца адной з важнейшых класіфікацыйных адзнак назоўнікаў і сродкам выражэння прадметнасці іх значэння.
У сучаснай бел. мове кожны назоўнік належыць да аднаго з трох Р.: мужчынскага, жаночага або ніякага, акрамя тых, што ўжываюцца толькі ў мн. л. («граблі», «канікулы»; іх або не адносяць ні да якога Р., або да своеасаблівага «парнага» Р.). Частка адушаўлёных назоўнікаў, якія могуць абазначаць асоб. і мужчынскага, і жаночага полу, адносіцца да т.зв. агульнага Р. («суддзя», «запявала»). Некат. назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага Р. адной родавай формай («таварыш», «аграном»), Р. нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца сінтаксічна — формамі дапасаваных азначэнняў («наш аташэ», «наша інжэню»). Прыметнікі, некат. лічэбнікі і займеннікі, дзеясловы, дзеепрыметнікі набываюць родавыя адрозненні ў дапасаванні да назоўнікаў («хрусталёвая люстра», «сваё амплуа»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
травесці́, нескл., н.
Спец.
1. Адно з тэатральных амплуа, мужчынская або дзіцячая роля, якая выконваецца пераадзетай жанчынай, радзей — жаночая роля, якая выконваецца мужчынам. Ірына Ждановіч доўга іграла травесці, спрабавала ролі характарныя, захаплялася імі. Сабалеўскі. // у знач. прым. Пераадзеты ў касцюм другога полу. Актрыса-травесці.
2. Від гумарыстычнай паэзіі, блізкай да пародыі, які характарызуецца тым, што сур’ёзны змест увасабляецца ў камічнай форме. «Энеіда» — арыгінальны твор, які вырас на нацыянальнай глебе, на аснове беларускіх пародый — травесці. Барысенка.
[Фр. travesti.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)