Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск.katedra. Апошняе ўзята з лац.cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч.καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац.katedra, укр.дыял.кате́дра, балг.кате́дра, серб.-харв.ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням.Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),
група астравоў ва ўсх.ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Івданезіі. Пл. 83,7 тыс.км². Нас. 1,8 млн.ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25 °C да 27 °C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёлсв. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ АНДРЭ́ЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1901 з цэглы. Касцёл — прамавугольная ў плане 3-нефавая бязвежавая базіліка з 3-граннай апсідай, накрытая агульным 2-схільным дахам. Гал. фасад з 2-схільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-ружай і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасада ствараюць пластычна насычаныя фіялы контрфорсаў. Апсіда завершана трохвугольным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром.
Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай «адкрытай» цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананы ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздоблены разьбой і скульптурай. Побач з касцёлам стаіць званіца — помнік драўлянага дойлідства 19 ст. 4-граннае 3-яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЎБІЦ (Glaubitz, Hlaubicz) Іаган (Ян) Крыштоф (1700 ?, Сілезія — 3.3.767 3.3.1767), бел. і літоўскі архітэктар. Прадстаўнік віленскага барока і ракако. У 1737—67 працаваў у Вільні, аднаўляў храмы, што згарэлі ў час пажару ў Вільні ў 1737, і будаваў новыя: касцёлы Ёнаса (1737), евангелістаў (1737—38), Казіміра (1741—57), Катрыны (1741 — 73), візітак, Рафала (абодва 1751), дамініканцаў на кальварыі; капліцу Барбары; браму кляштара базыльян (1761); ратушу; палац езуітаў і інш. Пабудаваў на Беларусі: Сталовіцкую царкву Іаана Хрысціцеля, царкву Магілёўскага Спаскага манастыра, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Магілёўскі архірэйскі палац, касцёл базыльян і палац мітрапаліта Ф.Грабніцкага ў в. Струнь каля Полацка (1748—49), амбон, спавядальню і алтары Слонімскага касцёла бернардзінак (1751—65), касцёл дамініканцаў у в. Валынец Верхнядзвінскага р-на (1756; разбураны ў канцы 1940-х г.), інтэр’ер Лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла; перабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. Мяркуюць, што Глаўбіц удзельнічаў у буд-ве Віцебскай ратушы, Дзятлаўскага касцёла Успення Багародзіцы, Быстрыцкага Крыжаўзвіжанскага касцёла, вежы Гродзенскага касцёла бернардзінцаў, палаца ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на (1750), плябаніі (1757) пры Гайцюнішскай капліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.