акісле́нне, ‑я, н.
Рэакцыя, пры якой адбываецца злучэнне якога‑н. рэчыва з кіслародам. Акісленне металаў. Акісленне арганічных рэчываў. Рэакцыя акіслення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́кіс, ‑у, м.
Спец. Сярэдняя ступень акіслення рэчыва (у адрозненне ад закісу — ніжэйшай і перакісу — вышэйшай ступені). Вокіс жалеза, медзі, вугляроду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,
працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.
т. 1, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́ціна, ‑ы, ж.
Спец. Налёт зеленаватакарычневага колеру, што ўтвараецца на паверхні прадметаў з медзі і бронзы ў выніку акіслення, якое адбываецца пад уздзеяннем часу або ствараецца штучна.
[Іт. patina.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БУ́ШМА (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.7.1951, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фармаколаг. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ролі эндагенных рэчываў (некаторых вітамінаў, амінакіслот і фосфаліпідаў) у рэгуляцыі актыўнасці ферментных сістэм мікрасамальнага акіслення і працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў у жывёл і чалавека ў норме і пры інтаксікацыях.
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гемаці́н
(ад гр. haima, -atos = кроў)
жалезазмяшчальны пігмент крыві, прадукт акіслення гема.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алітава́ць
(ням. alitieren)
наносіць на металічныя вырабы алюмініевае пакрыццё, каб засцерагчы іх ад акіслення.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,
неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш. Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).
І.В.Боднар.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПІРАГЕ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь + genos нараджэнне),
рэчывы, якія прадухіляюць самазагаранне вугалю, рудаў, торфу і інш. Як антыпірагены выкарыстоўваюць ваду, сілікаты натрыю, плёнкаўтваральныя растворы, інгібітары акіслення і інш. Прызначаны для прадухілення пажараў у рудніках.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)