анестэзі́я
(гр. anaisthesia = неадчувальнасць)
мед. 1) аслабленне або страта адчувальнасці;
2) абязбольванне пры дапамозе анестэтыкаў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
МЯСЦОВААНЕСТЭЗІ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,
група лекавых сродкаў, якія выбіральна і абарачальна выклікаюць страту болевай адчувальнасці ў месцы іх увядзення. Адрозніваюць М.с. кароткачасовага дзеяння (напр., анестэзін, дыкаін, какаіну гідрахларыд), больш працяглага дзеяння (напр., артыкаін, бензафуракаін, лідакаін) і лек. формы, якія маюць М.с. (напр., свечкі — анестэзол, дражэ — анестэзін-ментол, аэразоль — амправізоль). Ужываюць пры лячэнні захворванняў органаў стрававання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, хваробах прамой кішкі, скурных хваробах, для правядзення інфільтрацыйнай, правадніковай, спіннамазгавой анестэзіі, паяснічнай, вагасімпатычнай і інш. блакад. Гл. таксама Абязбольванне, Наркоз.
М.І.Федзюковіч.
т. 11, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
радыесенсібіліза́цыя
(ад радые- + сенсібілізацыя)
павышэнне адчувальнасці арганізмаў да іанізуючага выпрамянення пад уздзеяннем хімічных або фізічных фактараў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эстэзіёметр
(ад гр. aisthesis = пачуццё, адчуванне + -метр)
прыбор для вымярэння адчувальнасці скуры да ціску або дотыку.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),
ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.
т. 4, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТУ́ЗІЯ (ад лац. contusio удар),
паталагічны стан, што ўзнікае пры ўздзеянні на паверхню ўсяго цела ці большай яго ч. мех. сілы (напр., завал пяском), або ўдарнай паветранай хвалі (выбух і інш.). Для К. характэрныя страта прытомнасці (ад некалькі хвілін да сутак), нязначныя знешнія пашкоджанні ці іх адсутнасць. Бываюць цяжкія пашкоджанні ўнутр. органаў (печані, нырак, страўніка і інш.), пераломы канечнасцей, рэбраў, чэрапна-мазгавыя траўмы. Пасля апрытомлівання — моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, парушэнні адчувальнасці, мовы, рухомасці, паралічы і інш. Найб. цяжкая К. галаўнога мозга.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКО́З (ад грэч. narkōsis аняменне, здранцвенне),
агульнае абязбольванне, стан глыбокага штучнага сну з абарачальнай стратай свядомасці, болевай адчувальнасці, расслабленнем шкілетных мышцаў, прыгнечаннем некат. рэфлексаў. Выкарыстоўваюць пры хірург. аперацыях, складаных дыягнастычных даследаваннях і інш. Адрозніваюць Н. інгаляцыйны (праз дыхальныя шляхі), неінгаляцыйны (напр., унутрывенны, унутрымышачны) і камбінаваны (2 ці больш шляхоў увядзення наркатычнага рэчыва). Для інгаляцыйнага Н. ўжываюць пары эфіру, цыклапрапану, закіс азоту і інш., для неінгаляцыйнага — часцей вытворныя барбітуравай кіслаты. Робяць таксама электранаркоз (уздзеянне на ц. н. с. токамі спец. падабраных частот).
т. 11, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сенсібіліза́цыя
(фр. sensibilisation, ад лац. sensibilis = адчувальны)
1) павышэнне адчувальнасці арганізмаў, іх клетак і тканак да ўздзеяння якіх-н. рэчываў, ляжыць у аснове шэрагу алергічных захворванняў (параўн. талерантнасць 2);
2) павелічэнне адчувальнасці кіна- і фотаплёнак, фатаграфічных пласцінак да некаторых каляровых прамянёў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,
прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.
т. 4, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),
парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)