МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Агюст Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.​Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЕ́ ДЭ ЛІЛЬ-АДА́Н ((Villiers de l’Isle-Adam) Філіп Агюст Матыяс) (7.11.1838, г. Сен-Брыё, Францыя — 18.8.1889),

французскі пісьменнік. Граф. На яго творчасць паўплывалі філасофія Г.​Гегеля, навелістыка Э.​По, эстэтыка Р.​Вагнера. Зб. «Першыя вершы» (1858), драмы «Элен» (1865) і «Маргана» (1866) характарызуюцца вызначальным уздзеяннем рамантычнай паэтыкі. Раман «Ізіда» (1862, не завершаны) папярэднічаў філас. прозе 20 ст. У аповесці «Клер Ленуар» (1867) і зб. апавяд. «Трыбула Банамэ» (1887) стварыў вобраз сярэдняга франц. буржуа — недалёкага і бяздушнага абывацеля, выступіў супраць пануючых у грамадстве меркантылізму і пазітывізму. У раманах «Ева будучага» (1886), зб-ках «Жорсткія апавяданні» (1883), «Высокая страсць» (1886), «Новыя жорсткія апавяданні», «Незвычайныя гісторыі» (абодва 1888) вострая сац. сатыра спалучана з элементамі навук. фантастыкі і антыутопіі.

Аўтар драм «Бунт» (1870), «Новы свет» (1880), «Аксель» (выд. 1890).

Тв.:

Рус. пер. — Жестокие рассказы. М., 1975;

Избранное. Л., 1988.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),

французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́Н ((Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст) (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)