Зыкацца ’бегаць, насіцца’ (Мат. Маг.). Рус. дыял. зыкаться, арл. ’непакоіцца падчас цечкі’, пецярб. ’лягацца’, зи́кать смал., кур., арл., калуж. ’бегаць (пра жывёлу, у тым ліку калі яе кусаюць авадні)’, смал. ’бегаць, скакаць (пра моладзь)’, зыкать дыял. ’бегаць (пра жывёлу)’, ’біць’. Ад гукапераймальнага зык 2 (гл.) ’авадзень’ > ’непакой жывёлы’: ’беганне’ з дзеяслоўным суф. ‑а‑цца < *‑a‑ti sę.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
павылята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Вылецець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Павыляталі са сваіх начных схованак авадні, сляпні, мухі — закружыліся, зазвінелі ў паветры. Сачанка. Конь як ашалеў — зноў стаў на дыбкі, пасля стукнуў у хамут — мы ледзь не павыляталі з воза. Дамашэвіч. Два акадэмічныя корпусы былі разбіты ўшчэнт. Ва ўсіх астатніх павыляталі вокны. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смакта́ць, смакчу́, смо́кчаш, смо́кча; смакчы́; незак., што.
1. Губамі і языком уцягваць у рот што-н. вадкае праз вузкую адтуліну ў чым-н.
С. малако.
2. Пра насякомых і некаторых жывёлін: усмоктваць у сябе што-н. вадкае пры дапамозе спецыяльных органаў.
Пчала смокча нектар з кветкі.
Авадні смокчуць кроў каня.
3. Трымаць у роце, размінаючы, размякчаючы губамі, языком і змочваючы слінай.
С. цукар.
4. Трымаючы што-н. у роце, рабіць смактальныя рухі языком і губамі.
С. соску.
С. лапу.
С. люльку (курыць).
5. перан., звычайна безас. Выклікаць тупы боль.
Смокча пад грудзямі.
◊
Смактаць кроў з каго-н. — мучыць, прыгнятаць каго-н., здзекавацца з каго-н.
|| наз. смакта́нне, -я, н.; прым. смакта́льны, -ая, -ае (да 1—4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.
А.В.Дзерункоў.
т. 11, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
куса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець прывычку кусаць (у 1 знач). Сабака кусаецца. // Кусаць каго‑н. Авадні кусаюцца. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. Па вяселлі бабы пытаюцца: — Як? Нявестка добра кусаецца? Бічэль-Загнетава.
2. Кусаць адзін аднаго; грызціся (пра сабак, звяроў).
3. перан. Мець уласцівасць раздражняць, пячы скуру (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). Крапіва кусаецца. □ Мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне! Брыль. / Пра каляную тканіну або пра вырабы з грубай шэрсці. Зрэбніца .. [Гальяшу] муляла, кусалася. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.
Разм.
1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.
2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. напёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. напячы; зак.
1. чаго. Спячы нейкую колькасць чаго‑н. Напячы булак. Напячы бліноў. □ Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. Колас. // Спячы на патэльні, на агні, наскварыць. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль.
2. што. Разм. Моцна нагрэць, перагрэць на сонцы, печы і пад. Напячы бок ля вогнішча. Напячы спіну на пляжы.
3. каго-што. Разм. Апячы крапівой; наджаліць (пра насякомых). Напяклі жывёлу авадні. // перан. Набіць, нахвастаць да раздражнення скуры. [Камлюк:] — Вось кадраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам, і не было ў іх праклятага раматусу... М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́ць, ‑раўлю, ‑ровіш, ‑ровіць; незак.
1. каму і без дап. Старацца дагаджаць. [Ульяна:] А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць. Крапіва. Бедната наадрэз адмовілася наравіць пану, а тым больш аддаваць яму сваё сена. Бажко.
2. з інф. і злучн. «каб». Імкнуцца, старацца. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маці. С. Александровіч. Нервова гарцаваў пад [камандзірам] конь, кусаў цуглі. Нарабіў сарвацца з месца, каб нагнаць калону. Паўлаў. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Яны так і наровяць, каб утнуць. Якімовіч.
3. з інф. Прыладжвацца, прыстасоўвацца. Шэмет наравіў ехаць па абочыне, дзе была не такая глыбокая гразь. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ава́д ’авадзень’ (Бір. дыс., Нас., Янк. II), авадзень (БРС, Шат., Бір. дыс., Арх. Бяльк., Касп.), авадзье (Бір. дыс.), говыдьде (Клім.). Агульна- і праславянская назва авадня: ovadъ або obvadъ. Параўн. укр. овад (рус. овод да овад як гіперкарэкцыя), чэш. ovad, польск. owad, балг. авад, бел. абадзён (Сцяц.), серб.-харв. о̏бад паралельна з о̏вад, славен. obàd. Ёсць формы без пачатковага ‑а: вадзень (гл.). Бліжэйшыя паралелі: літ. úodas ’камар, мошка’, лат. uóds ’тс’, Міклашыч, 218; Зубаты, Studie, 1, 2, 111. Найбольш верагодна, звязана з і.-е. *ōd‑, *ēd‑ ’есці’. Пад гэтым значэннем можна аб’яднаць авад і вадзень. Параўн. літ. ė́sti ’есці (аб жывёлах)’ і ’паліць, пячы’. Трэба таксама ўлічыць палескае заедь у значэнні ’авадні’, дзе ўнутраная форма захавана зусім не двухсэнсоўна. Гл. Шульцэ, KZ, 43, 41. З гэтай версіяй мяжуе версія Трубачова, Происх., 71, згодна з якой ovadъ < *ov‑odos ’той, хто есць аўцу’. Супраць Махэк₂, 432, які суадносіць ovadъ з лац. tabānus (зыходная славянская форма obadьnь).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)