знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць аб важных царк. падзеях і ў гонар святых. Хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. З ліку гал. свят некаторыя адзначаюцца ў пастаянныя дні і наз. непераходнымі (усяго іх 9 — Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а другія залежаць ад зменлівага часу святкавання Вялікадня і наз. пераходны.мі (іх 3 — Уваход Гасподні ў Іерусалім, Ушэсце Гасподняе, Дзень Святой Тройцы). 5 вял. свят (Абразанне Гасподняе, Раство Іаана Прадцечы, Памяць святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, Адсячэнне галавы Іаана Прадцечы, Пакроў Прасвятой Багародзіцы) з’яўляюцца непераходнымі.
С.р. суправаджаюцца адпаведнымі богаслужэннямі і абрадамі: яны звязаны з рэліг. веравучэннем, культам. У час многіх царк. свят забараняецца працаваць, вучыцца, забаўляцца. Рэліг. святочныя дні прызначаюцца для духоўнага богаўгоднага жыцця, наведвання царквы, малітваў. Царк.правасл. каляндар дакладна вызначае пасты (посныя дні). За год бываюць 4 шматдзённыя пасты (найб. важны і строгі — Вялікі Пост, які працягваецца 7 тыдняў перад Вялікаднем). Найвялікшае хрысціянскае свята — Вялікдзень (Пасха, Уваскрэсенне Хрыстова). Пасля прыняцця хрысціянства на Беларусі многія царк. святы паступова былі прымеркаваны да стараж.нар. свят, таму нар. і рэліг. святы нярэдка адзначаюцца ў адны і тыя ж дні, напр., Каляды — Раство Хрыстова; Грамніцы — Стрэчанне Гасподняе; Гуканне вясны — Дабравешчанне; Вербніца — Уваход Гасподні ў Іерусалім; Вялікдзень — Уваскрэсенне Хрыстова (Пасха); Сёмуха (Зялёныя святкі) — Тройца; Купалле — Раство Іаана Прадцечы; Спас — Праабражэнне Гасподняе, Багач — Раство Дзевы Марыі (Раство Багародзіцы) і інш. С.р. ў правасл. і каталіцкіх хрысціян адзначаюцца па розных календарах (католікі — па грыгарыянскім, а правасл. — па юліянскім), таму розніца паміж датамі іх правядзення складае 13 дзён. Многія бел. святы маюць сінкрэтычны (змешаны) характар, бо ў іх у рознай ступені прысутнічаюць язычніцкія і хрысц. элементы (Стрэчанне, Юр’е, Спас, Пакровы).
Прыхільнікі ісламу і іудаізму адзначаюць свае рэліг. святы па мясцовым календары. Гал. мусульманскія святы: Курбан-Байрам (дзень ахвярапрынашэння Богу), Ураза-Байрам (дзень заканчэння посту — уразы), Маўлюд (дзень нараджэння прарока Мухамеда), Мірадж (ноч цудоўнага ўзнясення прарока Мухамеда на неба). Важную ролю ў жыцці мусульман адыгрывае вялікі пост на працягу месяца рамадан (рамазан). Найб. буйныя іудзейскія святы: Песах (Пасха, свята зыходу яўрэяў з Егіпта), Сукот (свята збору ўраджаю і ўспаміну пра 40-гадовае вандраванне яўрэйскага народа па егіпецкай пустыні), Рош-Гашана (першыя дні Новага года), Шавуот (дзень уручэння Усявышнім прароку Майсею Торы і дзесяці запаведзей), Йом-Кіпур (апошні з 10 дзён пакаяння; дзень збавення). Гл. таксама Святы і святочныя дні.
Літ.:
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд., Мн., 1998;
Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн., 1993;
Сысоў У.М. З крыніц спрадвечных. Мн., 1997;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т.] 1—2. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр.стрій ‘касцюм, адзенне’, рус.строй ‘строй; парадак’, польск.strój ‘строй; адзенне’, чэш.stroj ‘станок, машына’, славац.stroj ‘тс’, серб.-харв.стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен.strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг.строй ‘рад, сістэма, лад’, макед.строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав.строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл.*strojь роднаснае лат.strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест.urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац.struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав.*strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц.straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням.Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е.*kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд.śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл.*strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).
Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус.паўн.строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.
Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АБУ́ТАК,
на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.