СЕН-ДЭНІ́ (Saint-Denis),

горад у Францыі, на р. Сена, паўн. прамысл. горад-спадарожнік Парыжа. Засн. пры аднайм. абацтве ў 7 ст. Каля 110 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел, порт на канале Сен-Дэні. Прам-сць: чорная металургія, аўта- і станкабудаўнічая, хім., шкляная, харчовая. Муніцыпальны музей гісторыі і мастацтва. Гатычны касцёл абацтва С.-Д. (12 ст.) — месца пахавання франц. каралёў.

т. 14, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎР (Le Havre),

горад на Пн Францыі, марскі аванпорт Парыжа, у вусці р. Сена. Засн. ў 1517. 197 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1994). Адзін з найб. партоў краіны (грузаабарот больш за 50 млн. т, з іх 60% нафта). Прам-сць: суднабудаванне і інш. галіны машынабудавання, нафтаперапр., хім., цэм., баваўняная, харч., каляровая металургія. Акіянаграфічны ін-т. Арх. помнікі 17—18 ст. Каля Гаўра ў царкве абацтва Гравіль-Сент-Анарын (11—14 ст.) — музей сярэдневяковай скульптуры і археалогіі.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),

1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл. Рымскі пантэон).

2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.​Ж.​Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.

3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).

Пантэон у Парыжы. 18 ст.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́МБ ((Colombe) Мішэль) (каля 1431, Брэтань, Францыя — пасля 1512),

французскі скульптар. Працаваў у Туры і Нанце. Спалучаў традыцыі готыкі і элементы італьян. рэнесансавай пластыкі (пераважна ў арнаменце), што паклала пачатак скульптуры франц. Адраджэння. Аўтар медаля ў гонар уезду Людовіка XII у Тур (каля 1500), надмагілля герцага Францыска II Брэтонскага і Маргарыты дэ Фуа з іх партрэтнымі скульптурамі і 4 статуямі дабрачыннасцей (1502—07, сабор у Нанце), рэльефу «Св. Георгій перамагае дракона» з пейзажным фонам (1508—09). Яму прыпісваюць групу «Палажэнне ў труну» (1496, абацтва г. Салем).

М.Каломб. Святы Георгій перамагае дракона. 1508—09.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),

кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.​Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.

т. 10, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),

французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв. гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц. муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЦІН, Осцен (Austen) Джэйн (16.12.1775, Стывентан, Вялікабрытанія — 18.7.1817), англійская пісьменніца. У рэаліст. сац.-быт. раманах «Пачуццё і пачуццёвасць» (т. 1—3, 1811), «Гордасць і забабоны» (т. 1—3, 1813), «Мэнсфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Перакананне» і «Абацтва Нортэнгер» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзен» (выд. 1871), «Каханне і сяброўства» (выд. 1922), «Уотсаны» (выд. 1958) і інш. у іранічнай манеры адлюстравала жыццё, норавы і псіхалогію англ. правінцыяльнага грамадства, са спачуваннем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцці.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1988.

Літ.:

Моэм У.С. Джейн Остен и «Гордость и предубеждение» // Моэм У.С. Искусство слова: Пер. с англ. М., 1989;

Вулф В. Джейн Остен // Вулф В. Избранное: Пер. с англ. М., 1989.

Дж.Осцін.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮАМЕ́ЛЬ ((Duhamel) Жорж) (30.6.1884, Парыж — 13.4.1966),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1935), яе старшыня (з 1960). Скончыў мед. ф-т Сарбоны (1908). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Абацтва» (1906), што дало пачатак унанімізму (літ. плынь франц. л-ры, прыхільнікі якой прапагандавалі ідэю калектыўнай аднадушнасці, злітнасці чалавека, у т. л. паэта, з масамі). Аўтар серыі раманаў «Жыццё і прыгоды Салавэна» (т. 1—5, 1920—32), «Хроніка сям’і Паск’е» (т. 1—10, 1933—44), зб-каў апавяданняў («Жыццё пакутнікаў», 1917, «Цывілізацыя», 1918, «Прыпавесці майго саду», 1936) і вершаў («Сябры», 1912. і інш.). Пісаў таксама п’есы, літ.-крытычныя даследаванні, мемуары. У творах аддаваў перавагу маральна-інтэлектуальным праблемам: асобы і цывілізацыі, небяспекі навук.-тэхн. прагрэсу і звязанай з ім дэгуманізацыі людзей.

Тв.:

Рус. пер. — Гаврский нотариус;

Наставники;

Битва с тенями. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)