1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.
Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.
Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл.Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш.еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав.маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.Пляханава, Д.Благоева, А.Луначарскага, Ю.Мархлеўскага, В.Вароўскага, А.Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел.нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв.развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш., раманы І.Мележа, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Пташнікава і інш., п’есы К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.Маякоўскі, М.Шолахаў, К.Федзін, Л.Лявонаў, А.Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.Арагон, Г.Зэгерс, М.Пуйманава, Ж.Амаду, Я.Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.
Літ.:
Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;
Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Гаранін Л.Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).
Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад.Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.
На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел.НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙВА́НЬ,
правінцыя Кітая. Займае в-аўТайвань і прылеглыя дробныя а-вы, у т. л.Пэнхуледао. Пл. каля 36,1 тыс.км². Нас. 22,1 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Тайбэй. Кітайцы складаюць 98%, карэнныя жыхары (народ гаашань) — каля 2%. Вернікі — будысты, даасісты, канфуцыянцы (разам 93%), хрысціяне (5%). Сярэдняя шчыльн. 612 чал. на 1 км². У гарадах жыве 75% насельніцтва. У прам-сці занята 38% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 10%, у абслуговых галінах — 52%. Т. — магутны прамысл. рэгіён Усх. Азіі. Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 362 млрд.дол., каля 16,5 тыс.дол. на 1 чал. Развіта апрацоўчая прам-сць экспартнага кірунку: радыёэлектроніка, прылада- і суднабудаванне, хім., нафтахім., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харчовая; выплаўка сталі і каляровых металаў. Вытв-сць электраэнергіі 133,6 млрд.кВт∙гадз (1998). Лесанарыхтоўкі. Т. — буйнейшы ў свеце вытворца і экспарцёр камфары. Апрацоўваецца 24% тэр., гал. чынам на 3. Больш за 50% пл. пад рысам (2 ураджаі за год, каля 3 млн.т). Вырошчваюць цукр. трыснёг, батат, трапічныя фрукты (ананасы, бананы, мандарыны), чай, агародніну. Свінагадоўля (каля 4 млн. галоў) і птушкагадоўля. Рыбалоўства (1,04 млн.т, 1997). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. 13 аэрапортаў. Гал. марскія парты Цзілун і Гаасюн. У 1997 экспарт склаў 122,1 млрд.дол., імпарт — 114,4 млрд.дол.Гал.гандл. партнёры ЗША, Японія. Даход ад турызму ў 1997 склаў 3,57 млрд.дол. Грашовая адзінка — новы тайваньскі долар.
У старажытнасці в-аў Тайвань быў населены плямёнамі гаашань. У 230 адбылася 1-я ваен. экспедыцыя кітайцаў на востраў. У 13 ст. ён афіцыйна далучаны да Кітая. З 14 ст. пачалася яго каланізацыя кітайцамі. У 1590 на в-аў Т. праніклі партугальцы, якія назвалі яго Фармоза (Цудоўны). У 1624 яго захапілі галандцы, якіх у 1661—62 выгналі атрады кіт. патрыёта Чжэн Чэнгуна. Апошні ператварыў востраў у базу супраціўлення маньчжурам, якія да таго часу захапілі мацерыковы Кітай. У 1683 на востраве ўсталявалася ўлада маньчжурскай дынастыі Цын. У 1886 створана асобная кіт. правінцыя Т. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 і паводле Сіманасекскага дагавора 1895в-аў Тайвань з прылеглымі астравамі адышоў да Японіі. У час яп. панавання (1895—1945) Т. ператвораны ў с.-г. прыдатак Японіі. У выніку паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне Т. вернуты Кітаю. Пасля паражэння ад сіл кампартыі ў трэцяй грамадзянскай вайне ў Кітаі 1946—49 на Т. знайшоў прытулак урад Кіт. Рэспублікі на чале з Чан Кайшы, рэшткі яго арміі, кіраўніцтва Гаміньдана (ГМД) і іх сем’і — больш за 2 млн.чал. (пры насельніцтве Т. 6 млн.чал.). У 1950-я г. ўрад ГМД правёў агр. рэформу, а з пач. 1960-х г. пачаў лібералізацыю эканомікі, у выніку да 1990-х г. Т. дасягнуў узроўню развіцця новых індустр. краін Азіі. У 1987 скасавана надзвычайнае становішча ў Т. і пачалася дэмакратызацыя яго паліт. жыцця. У 1996 адбыліся 1-я ўсеагульныя выбары прэзідэнта Кіт. Рэспублікі, на якіх перамог лідэр ГМД Лі Дэнхуэй. На выбарах 2000 перамог кіраўнік Дэмакр.прагрэс. партыі Чэнь Шуйбянь, што скончыла манаполію ГМД на ўладу. Кіраўніцтва Кіт.Нар. Рэспублікі і ААН лічаць Т. неад’емнай ч. Кітая.
Літ.:
Ларин А.Г. Два президента. или Путь Тайваня к демократии. М., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннефеадальная дзяржава з цэнтрам у г.Тураў. Называлася таксама Тураўская зямля, Тураўская воласць, Тураўская вобласць. Займала тэр. ад Дняпра на У да Зах. Буга на З, ад Прыпяцкага Правабярэжжа на Пд да вытокаў Лані і Случы на Пн (тэр. сучаснай Брэсцкай, часткова Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай абл., паўн. раёнаў Украіны і ўсх. паветаў Польшчы). Утварылася ў канцы 10 ст. на тэр. рассялення ўсх.-слав. племя дрыгавічоў. Т.к. стала спадкаемцам племяннога княжання дрыгавічоў, што мела свайго племяннога князя (апошні — напаўлегендарны кн.Тур). Пасля распаду першабытнаабшчыннага і ўзнікнення феад. ладу мела больш высокую форму сац.-паліт. арганізацыі грамадства.
Першы гістарычна вядомы князь Т.к. — Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, пасаджаны на тураўскі прастол у 988. Т.к. было адным з найважнейшых у сістэме княстваў Кіеўскай Русі. Пра гэта сведчыць вылучэнне яго трэцім па старшынстве сынам вял. князёў пры падзеле Кіеўскай Русі: Святаполку ў 988 Уладзімірам Святаславічам, Ізяславу ў 1052 Яраславам Уладзіміравічам, Вячаславу ў 1125 Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам. З тураўскага на кіеўскі велікакняжацкі прастол перайшлі Святаполк Уладзіміравіч (1015), Ізяслаў Яраславіч (1054), Святаполк Ізяславіч (1093), Вячаслаў Уладзіміравіч (1139).
У паліт. гісторыі Т.к. вылучаюцца 4 перыяды. 1-ы перыяд (988—1015) — вылучэнне Т.к. са складу Кіеўскага вял. княства і палітыка Святаполка па адасабленні ад Кіева. 2-і перыяд (1019—1113) — час знаходжання Т.к. пад уладай вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага, яго сына Ізяслава Яраславіча (з 1052) і сыноў апошняга — Яраполка і Святаполка. 3-і перыяд (1113—58) — захоп Т.к. Уладзімірам Манамахам і захаванне княства за яго нашчадкамі. 4-ы перыяд (1158 — пач. 14 ст.) — час існавання адноўленага самастойнага Т.к. У 1158 кн.Юрый Яраславіч заняў Тураў насуперак волі кіеўскага вял. князя і адстаяў яго ў цяжкай 10-тыднёвай аблозе. У 1162 быў заключаны мір, што азначала юрыд. аднаўленне самастойнага Т.к. Пасля княжання Юрыя Яраславіча Т.к. падзелена паміж яго сынамі на ўдзелы. Туравам валодалі Святаполк, Іван, Глеб; Пінскім княствам — Яраслаў, Яраполк; Дубровіцкім — Глеб. Раней вылучылася Клецкае княства (у 1127 вядомы клецкі кн. Вячаслаў Яраславіч). У 2-й пал. 12 ст. адасобілася Слуцкае княства, пазней — Сцепанскае (1292). У 2-й пал. 12 ст.зах. частка Т.к. з г. Бярэсце і Драгічын (Берасцейская зямля) увайшла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.
Тураўскія князі актыўна ўдзельнічалі ў паліт. жыцці Кіеўскай Русі, у барацьбе за кіеўскі прастол сваіх родзічаў і інш. прэтэндэнтаў, у змаганні супраць полаўцаў. На тэр. Т.к. паслядоўна адбываўся працэс гасп.-эканам. і культ.развіцця. Узніклі гарады Тураў (вядомы з 980), Бярэсце (1019), Пінск (1097), Чартарыйск (1100), Слуцк (1116), Клецк (1127), Рагачоў (1142), Драгічын (1142), Мазыр (1155), Небль (1262), Капыль (1274), Сцепань (1292), Давыд-Гарадок, Дубровіца (12 ст.). У канцы 10 — пач. 11 ст. заснавана Тураўская праваслаўная епархія. Тураўскае евангелле 11 ст. — найстаражытнейшы помнік кніжнай культуры Беларусі. У Тураве жыў і дзейнічаў Кірыла Тураўскі.
У пач. 14 ст. Т.к. ўвайшло ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. ўласнасць вял.кн. Свідрыгайлы. З 16 ст. магнацкая латыфундыя, якая належала М.Л.Глінскаму, Астрожскім, Сапегам і інш.
Літ.:
Довнар-Запольски й М.В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;
Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́ЗМ (франц. tourisme ад tour прагулка, паездка),
падарожжа (паход, паездка) у вольны час, адзін з відаў актыўнага адпачынку; від спорту. Спалучае розныя віды рэкрэацыйнай дзейнасці (гл.Рэкрэацыя) — аздараўленне, пазнанне, узнаўленне прадукцыйных сіл чалавека і інш. Т. — састаўная ч. аховы здароўя, фіз. культуры, сродак духоўнага, культ. і сац.развіцця асобы. Паводле напрамкаў турысцкіх патокаў падзяляецца на ўнутр. (нацыянальны), у межах адной краіны, і знешні, міжнародны. У залежнасці ад мэты падарожжаў вылучаюць Т. спарт., рэкрэацыйны і пазнавальны. Адрозніваюць арганізаваны Т. — падарожжа па праграме, абумоўленай турысцкай арганізацыяй (установай) з прадастаўленнем комплексу паслуг, і неарганізаваны (самадзейны) — падарожжа паводле плана самога турыста на аснове самаабслугоўвання.
Спартыўны Т. ажыццяўляецца пешкі, на лыжах, веласіпедах, матацыклах, вёславых і ветразевых суднах і інш. Турысцкія паходы падзяляюць на 6 катэгорый складанасці. якія абумоўліваюцца даўж. маршруту, колькасцю і характарам прыродных перашкод і інш., маюць адпаведную тэхніку і тактыку пераадолення маршрутаў. Экскурсійны Т. ажыццяўляецца на аўтамабілях, цягніках, водных і паветр. суднах і інш., без актыўных форм руху. Яго сутнасць — наведванне адметных чым-небудзь месцаў, агляд культ., гіст., прыродных і інш. славутасцей. Міжнар. Т. развіваецца з сярэдзіны 19 ст., з 2-й пал. 20 ст. набыў масавы характар. Т. з’яўляецца самастойнай галіной эканомікі большасці краін свету ў невытв. сферы, прадпрыемствы і арг-цыі якой задавальняюць патрэбы турыстаў у матэрыяльных і нематэрыяльных паслугах. Прадукцыя Т. — комплексная паслуга (т.зв. тур), якая ўключае ў якасці ўзаемазвязаных элементаў паслугі транспарту, гасцінічнай гаспадаркі, гандлю, у т. л. харчаванне, экскурсійных, культурна-відовішчных, спарт., лячэбна-аздараўленчых, быт. і інш. устаноў і прадпрыемстваў. Адрозненні у мэтах падарожжаў і спосабах іх арганізацыі абумоўліваюць існаванне розных па функцыях прадпрыемстваў (гасцініцы. турысцкія базы, матэлі, пансіянаты і інш.) і спецыялізацыю турысцкіх устаноў, якія ўлічваюць у праграмах абслугоўвання асаблівасці відаў Т., спосабы арганізацыі падарожжаў, узроставыя, прафесійныя і інш. асаблівасці кліентуры. У эканоміцы многіх краін, асабліва Еўропы і Афрыкі, Т. займае адно з вядучых месцаў. Т. садзейнічае мэтам аховы прыроды, з’яўляецца экалагічна эфектыўнай галіной эканомікі.
На Беларусі турысцкі рух пачаў фарміравацца ў 1920-я г. Аматарскі Т. актывізаваўся з канца 1950-х г. Першы злёт турыстаў адбыўся ў 1959 (пас. Зялёнае Мінскага р-на). З 1964 праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах Т. (арыентаванне на мясцовасці, пешаходны, водны, лыжны, веласіпедны, аўтамотатурызм, спелеатурызм і інш.). Створаны і працуюць рэсп. і абл. турысцкія арг-цыі, турысцкія клубы і фірмы, якія займаюцца арганізацыяй Т. і адпачынку. Распрацаваны туры і маршруты падарожжаў па Беларусі і ў інш. краіны. Напр., у 2000 Беларусь наведалі 48 тыс. замежных турыстаў; беларусы зрабілі каля 1,2 млн. паездак у інш. краіны. У рэспубліцы функцыянуе каля 250 гасцініц, турысцкіх баз, матэляў і інш. з агульнай умяшчальнасцю каля 26 тыс. месцаў (2000). У сістэме адукацыі дзіцяча-юнацкі Т. развіваецца з 1920—30-х г. З канца 1940 — пач. 1950-х г. працуюць Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. Першы рэсп. турысцкі злёт (паход) вучняў адбыўся ў 1957. З 1992 штогод праводзяцца спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў асобных відах турызму, з 1999 — турысцкія злёты сярод розных катэгорый вучняў і студэнтаў. Выдаюцца час. «Падарожнік», газ. «Туризм и отдых». Сярод арганізатараў і ветэранаў турысцкага руху — П.Н.Багданаў, М.З.Гальчун, У.І.Ганапольскі, Ю.М.Кокараў, Ф.В.Наркевіч, Г.А.Новікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ ГІПО́ТЭЗЫ,
навукова абгрунтаваныя меркаванні аб прычынах тэктанічных рухаў і дэфармацый зямной кары, што мяняюць яе структуру. Існуе шмат гіпотэз тэктанічнага развіцця Зямлі.
Адна з першых Т.г., якая тлумачыла тэктанічныя рухі дзейнасцю землетрасенняў і вулканаў, з’явілася ў 17 ст. (англ. вучоны Р.Гук, рас. Р.Рыхман). У гіпотэзе нептунізму зроблена спроба тлумачэння дэфармацыі пластоў горных парод у выніку падводных апоўзняў і абвалаў (18 ст., ням. вучоны А.Г.Вернер). Гіпотэзу плутанізму прапанаваў шатл. вучоны Дж.Гетан у працы «Тэорыя Зямлі», 1795. Гіпотэза кратэраў падняцця (утварэнне горных складкавых збудаванняў у выніку пад’ёмаў магмы пры вулканічных і інтрузіўна-магматычных працэсах) развіта ў пач. 19 ст.ням. вучонымі Л.Бухам, А.Гумбальтам і Б.Штудэрам. Кантракцыйная гіпотэза прапанавана франц. вучоным Л.Элі дэ Бамонам (1829) на аснове ўяўлення аб першапачаткова расплаўленай Зямлі (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа). Пры паступовым яе ахаладжэнні адбывалася сцісканне, слаі горных парод зміналіся ў складкі, утвараліся горы. Распрацавана ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Гэта канцэпцыя выкладзена ў кнізе аўстр. вучонага Э.Зюса «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909). У гэты ж час узніклі вучэнні аб геасінкліналях (амер. вучоны Дж.Дана) і платформах (рас. вучоныя А.П.Карпінскі, А.П.Паўлаў), ізастазіі (англ. вучоны Дж.Эры і інш.). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся гіпотэзы глыбіннай дыферэнцыяцыі (галанд. вучоны Р.В. ван Бемелен, рас. У.У.Белавусаў), падкоравых цячэнняў (аўстр. вучоны О.Ампферэр, ням. Р.Швінер і Э.Краўс, галанд. Ф.Венінг Мейнес), пульсацыйная (амер. вучоны У.Бачэр, рас. М.А.Усаў і У.А.Обручаў), расшырэння Зямлі (ням. вучоны О.Хільгенберг, венг. Л.Эдзьед, амер. Б.Хейзен і інш.), перамяшчэння мацерыкоў (амер. вучоны Ф.Тэйлар, ням. А.Вегенер; гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў), якая дала пачатак новаму кірунку ў тэктоніцы мабілізму ў супрацьлегласць фіксізму (магчымасць толькі верт. рухаў у зямной кары). У 1960—70-я г. ідэі мабілізму адроджаны ў выглядзе новай глабальнай тэктонікі (тэктонікі пліт) — геадынамічная тэорыя (тэорыя неамабілізму), якая тлумачыць рухі, дэфармацыі і сейсмічную актыўнасць тэктанасферы (амер. вучоныя В.Морган, К. Ле Пішон, Дж.Олівер, Дж.Айзекс, Л.Сайкс; 1967—68). Гэта тэорыя ўключала таксама ідэю расшырэння (спрэдзінгу) акіянічнага ложа (амер. вучоныя Г.Хес і Р.Дзіц, 1961—62).
Згодна з ідэяй тэктонікі пліт літасфера падзелена на 7 вялікіх і малыя цвёрдыя маналітныя пліты, якія рухаюцца па подсцільным менш вязкім слоі (астэнасферы), маюць гарыз. рухі: рассоўванне (з утварэннем рыфтаў, потым акіянаў), падсоўванне адной пліты пад інш. і гарыз. перамяшчэнне ўздоўж трансформных разломаў тыпу зруху. Гэта пацвярджаецца размеркаваннем напружанняў у ачагах землетрасенняў. Геадэзічныя даныя паказваюць рассоўванне глыб (Паўн. Афрыка), іх гарыз. перамяшчэнне ўздоўж разломаў са скорасцю 0,5—3 см за год (Каліфорнія) або збліжэнне па насовах (Таджыкістан). Такія ж скорасці вызначаюцца па палеамагнітных даных, шырыні палос магн. анамалій і па палеагеаграфічных рэканструкцыях. З канца 20 ст. распрацоўваецца гіпотэза гарачых кропак, якія звязаны з праяўленнем вулканічнай актыўнасці на кантынентах і ў акіянах, і канцэпцыя 2-яруснай тэктонікі пліт, якая засн. на рэалагічнай расслоенасці літасферы і мантыі.
Літ.:
Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973;
Ле Пишон К., Франшто Ж., Боннин Ж. Тектоника плит: Пер. с англ.М., 1977.