ТАЙВА́НЬ,

правінцыя Кітая. Займае в-аў Тайвань і прылеглыя дробныя а-вы, у т. л. Пэнхуледао. Пл. каля 36,1 тыс. км². Нас. 22,1 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Тайбэй. Кітайцы складаюць 98%, карэнныя жыхары (народ гаашань) — каля 2%. Вернікі — будысты, даасісты, канфуцыянцы (разам 93%), хрысціяне (5%). Сярэдняя шчыльн. 612 чал. на 1 км². У гарадах жыве 75% насельніцтва. У прам-сці занята 38% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 10%, у абслуговых галінах — 52%. Т. — магутны прамысл. рэгіён Усх. Азіі. Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 362 млрд. дол., каля 16,5 тыс. дол. на 1 чал. Развіта апрацоўчая прам-сць экспартнага кірунку: радыёэлектроніка, прылада- і суднабудаванне, хім., нафтахім., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харчовая; выплаўка сталі і каляровых металаў. Вытв-сць электраэнергіі 133,6 млрд. кВт∙гадз (1998). Лесанарыхтоўкі. Т. — буйнейшы ў свеце вытворца і экспарцёр камфары. Апрацоўваецца 24% тэр., гал. чынам на 3. Больш за 50% пл. пад рысам (2 ураджаі за год, каля 3 млн. т). Вырошчваюць цукр. трыснёг, батат, трапічныя фрукты (ананасы, бананы, мандарыны), чай, агародніну. Свінагадоўля (каля 4 млн. галоў) і птушкагадоўля. Рыбалоўства (1,04 млн. т, 1997). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. 13 аэрапортаў. Гал. марскія парты Цзілун і Гаасюн. У 1997 экспарт склаў 122,1 млрд. дол., імпарт — 114,4 млрд. дол. Гал. гандл. партнёры ЗША, Японія. Даход ад турызму ў 1997 склаў 3,57 млрд. дол. Грашовая адзінка — новы тайваньскі долар.

У старажытнасці в-аў Тайвань быў населены плямёнамі гаашань. У 230 адбылася 1-я ваен. экспедыцыя кітайцаў на востраў. У 13 ст. ён афіцыйна далучаны да Кітая. З 14 ст. пачалася яго каланізацыя кітайцамі. У 1590 на в-аў Т. праніклі партугальцы, якія назвалі яго Фармоза (Цудоўны). У 1624 яго захапілі галандцы, якіх у 1661—62 выгналі атрады кіт. патрыёта Чжэн Чэнгуна. Апошні ператварыў востраў у базу супраціўлення маньчжурам, якія да таго часу захапілі мацерыковы Кітай. У 1683 на востраве ўсталявалася ўлада маньчжурскай дынастыі Цын. У 1886 створана асобная кіт. правінцыя Т. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 і паводле Сіманасекскага дагавора 1895 в-аў Тайвань з прылеглымі астравамі адышоў да Японіі. У час яп. панавання (1895—1945) Т. ператвораны ў с.-г. прыдатак Японіі. У выніку паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне Т. вернуты Кітаю. Пасля паражэння ад сіл кампартыі ў трэцяй грамадзянскай вайне ў Кітаі 1946—49 на Т. знайшоў прытулак урад Кіт. Рэспублікі на чале з Чан Кайшы, рэшткі яго арміі, кіраўніцтва Гаміньдана (ГМД) і іх сем’і — больш за 2 млн. чал. (пры насельніцтве Т. 6 млн. чал.). У 1950-я г. ўрад ГМД правёў агр. рэформу, а з пач. 1960-х г. пачаў лібералізацыю эканомікі, у выніку да 1990-х г. Т. дасягнуў узроўню развіцця новых індустр. краін Азіі. У 1987 скасавана надзвычайнае становішча ў Т. і пачалася дэмакратызацыя яго паліт. жыцця. У 1996 адбыліся 1-я ўсеагульныя выбары прэзідэнта Кіт. Рэспублікі, на якіх перамог лідэр ГМД Лі Дэнхуэй. На выбарах 2000 перамог кіраўнік Дэмакр. прагрэс. партыі Чэнь Шуйбянь, што скончыла манаполію ГМД на ўладу. Кіраўніцтва Кіт. Нар. Рэспублікі і ААН лічаць Т. неад’емнай ч. Кітая.

Літ.:

Ларин А.Г. Два президента. или Путь Тайваня к демократии. М., 2000;

История Китая. 2 изд. М., 2002.

т. 15, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)