Пі́рса, пыреи ’апілкі’ (Мат. Гом.; брагін., Шатал.). З тырса ’тс’, параўн. таксама тырса, тырша ’тс’ (Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. tirščiai ’гушча (у страве, каве)’. Незвычайнае фанетычнае афармленне крыніцы выклікала ў бел. гаворках фанетычныя варыянты: тырса/ кірссі/пірса (ЛА, 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раздзо́гаць ’разбіць’ (Нас.), раздзо́ганный ’выпадкова разбіты’ (Нас.). Ад раз- і дзо́гаць ’стукаць, стукаць нагамі’, ’біць, калаціць’ (Нас.). Сюды ж укр. дьо́гнути ’штурхнуць, кальнуць’, чэш. дыял. džignút ’кальнуць’, літ. díegti ’калоць’. Да праславянскага *dьgnǫti (ЭССЯ, 5, 205); адносна семантыкі параўн. джгаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ру́нклі ’кармавыя буракі’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (LKK, 30, 116), з літ. ruñkeliai ’тс’; для рус.прыбалт. ру́нкаль, ру́нкуль ’бурак’, што з ням. Runkel ’тс’, мяркуецца пасрэдніцтва лат. riñkulis, runkuls ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтызмы, 129; Анікін, Опыт, 269.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́мствоваць ’злоснічаць, абгаворваць, ганіць’ (ТС), рымстава́ць ’злавацца’ (жлоб., Жыв. сл.), рымсава́ць ’плакаць, упарціцца’ (чач., Жыв. НС). Рус. ре́мство ’нянавісць; злосць’, ремствовать ’ненавідзець’, укр. ре́мство, ремст ’абурэнне’, ремствувати ’наракаць’. Мацэнаўэр (LF 16, 181) параўноўвае з літ. susiremti ’уперціся супраць каго-небудзь’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скіркава́ць ‘адзывацца скірканнем — пра птушак глухароў’ (Сцяшк.), скірканне ‘крык глухароў’ (Інстр. 2). Гукаперайманне. Параўн. укр. ки́ркати ‘рэзка, пранізліва крычаць, крыкнуць (аб курыцы)’, выкл. кирр! ‘аб пранізлівым крыку спалоханай курыцы’. Параўн. кіркаць (гл.), якое суадносіцца з літ. kir̃kti ‘крычаць (аб гусях)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарпі́на ’застаронак’ (ваўк., гродз., Сл. ПЗБ). Улічыўшы балтыйскае паходжанне зыходных торп, тарпа (гл.), магчыма дапусціць узнікненне назвы з суф. ‑ін‑а, параўн. тапі́на ’багна’, закла́дзіна ’падваротня’ і пад. (Сцяцко, Афікс. наз., 42), пад уплывам літ. tarpìnė ’застаронак’ (Сл. ПЗБ, 5, 91).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́нкнуць ‘выпіць (гарэлкі)’ (Шат., Сцяшк. Сл.), тры́нкаць ‘выпіваць’ (Скарбы). Параўн. польск. жарг. trynknąć ‘выпіць (гарэлкі)’, літ. trinkóti ‘тс’, што з ням. trinken ‘тс’ (Вінцэнц; Грынавяцкене; Сл. ПЗБ, 5, 137), мажліва, праз ід. trinken ‘піць, жлукціць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 805).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРГАНАЛО́ГІЯ,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае муз. інструменты — іх канструкцыю, форму, матэрыял, спосабы вырабу і рэканструкцыі, акустычна-тэмбравыя якасці, выканальніцкія магчымасці, грамадскае і маст. выкарыстанне, адлюстраванне ў літ. і выяўл. помніках. Тэрмін «арганалогія» прапанаваны Н. Бесарабавым у 1941 для вылучэння навук. і тэхн. аспектаў даследавання муз. інструментаў з больш шырокага вывучэння музыкі. Сучасная арганалогія (паводле славацкага даследчыка О.Эльшака) уключае субдысцыпліны: сістэматычную (тэарэтычную) арганалогію, тэхнічную арганалогію (эргалогію і тэхналогію), арганаакустыку, арганасацыялогію і гісторыю інструментаў, палеаарганалогію (ацэнка археал. адкрыццяў і інш. доказаў існавання старадаўніх інструментаў), арганаіканаграфію (выяўл. крыніцы) і этнаарганалогію (вывучэнне традыц. муз. інструментаў розных народаў). З пач. 20 ст. ў арганалогіі выяўляецца тэндэнцыя да інтэграцыі і адзінства сістэматычнага, гіст. і антрапалагічнага аспектаў, пераважна ў працах К.Закса (Германія; 1910—30-я г.) і Э.М. фон Хорнбастэля (Аўстрыя), якія распрацавалі сучасную класіфікацыю муз. інструментаў. Развіццю арганалогіі садзейнічаюць міжнар. інструментазнаўчыя арганізацыі, спецыялізаваныя музеі (Брусель, Стакгольм, Парыж), арганалагічныя школы (у Германіі, Швецыі), даследаванні і публікацыі арганолагаў (Эльшак, Ю.Страйнар, І.Мачак, Я.Станшэўскі, І.Мацыеўскі). На Беларусі распрацоўкай праблем этнаарганалогіі ў кантэксце нар. культуры і сувязі муз. інструмента і музыкі займаецца І.Назіна.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;
Яе ж. Белорусские народные музыкальные ннструменты: Струнные. Мн., 1982;
Bessaraboff N. Ancient European musical instruments. Boston. 1941;
Nettl B. Theory and method in ethnomusicology. New York, 1964;
Elschek O. Instrumenty muzyczne jako przedmiot badań historycznych i antropologicznych (przyczynek do koncepcji instrumentologii) // Muzyka. 1974. № 1.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛАНД ((Wieland) Крыштаф Марцін) (5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),
нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).
Тв.:
Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.
Літ.:
Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;
Вебер П. Х.М.Виланд и «воспитательный роман» // История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.
А.М.Малашка.
т. 2, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)